Як змагаюцца з радыяцыйным забруджваннем у Японіі і ў Беларусі

Як змагаюцца з радыяцыйным забруджваннем у Японіі і ў Беларусі

5 гадоў таму, 11 сакавіка 2011 года, ля паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Японіі адбыўся землятрус магнітудай 9,0, які выклікаў цунамі. Паводле розных звестак, тады загінулі і прапалі без вестак 18 тысяч чалавек. Было разбурана 400 тысяч будынкаў, а страты ацанілі ў 225 мільярдаў долараў.

У прэфектуры Фукусіма цунамі выклікала аварыю на АЭС. Агенцтва ядзернай і прамысловай бяспекі Японіі заявіла, што пасля катастрофы ў атмасферу было выкінута 770 тысяч тэрабекерэляў радыяцыі.

Гэта прыкладна 15% ад узроўню ўцечкі, якая адбылася ў выніку катастрофы ў Чарнобылі ў 1986 годзе.

Як змагаюцца з радыяцыйным забруджваннем у Японіі і ў Беларусі
Забруджанне ёдам-131 у першыя дні пасля аварыі на АЭС Фукасіма-1. Выява: chornobyl.in.ua
Як змагаюцца з радыяцыйным забруджваннем у Японіі і ў Беларусі
Забруджанне цэзіем-134 і -137 пасля аварыі на АЭС Фукусіма-1. Выява: s1214.photobucket.com

У тым жа сакавіку тэрыторыя ў радыусе 20 кіламетраў ад станцыі стала зонай адсялення, усе жыхары былі эвакуіраваныя. Цяпер усе раёны, закранутыя аварыяй, падзеленыя на тры катэгорыі. У найбольш бяспечную зону, дзе гадавы ўзровень выпраменьвання ніжэйшы за 20 мілізівертаў, жыхары змогуць вярнуцца для пастаяннага пражывання пасля таго, як будзе завершана дэзактывацыя і адноўленая інфраструктура. Населеныя пункты другой катэгорыі, дзе ўзровень радыяцыі складае ад 20 да 50 мілізівертаў за год, атрымалі назву “зоны абмежаванага пражывання”.

У абедзве зоны дазволены праезд жыхароў днём, але ім там забароненае пастаяннае пражыванне.

У трэцюю зону, куды вярнуцца будзе праблематычна ці немагчыма, увойдуць гарады і вёскі, дзе ўзровень выпраменьвання перавышае 50 мілізівертаў за год.

У Японіі з забруджаннем змагаюцца шляхам зняцця верхняга, найбольш забруджанага слоя грунту, вычышчэннем вады цэалітамі, узнаўленнем інфраструктуры.

Дэлегацыі японскіх спецыялістаў рэгулярна наведваюць Беларусь для пераймання нашага досведу ў барацьбе з забруджаннем. Першая такая група прыехала ў Мінск у лістападзе 2011 года.

Як змагаюцца з радыяцыйным забруджваннем у Японіі і ў Беларусі
Японскія спецыялісты Цэнтра дзікай прыроды наведваюць беларускіх калегаў з ДУ "Беллесахова". Фота: з архiва ДУ "Беллесахова".

Начальнік аддзела навукова-даследчых работ радыяцыйна-экалагiчнага маніторынгу Белгідрамету Вольга Жукава кажа, што асноўныя крокі, якімі змагаецца Беларусь і Японія з наступствамі забруджвання, крыху адрозніваюцца. У першую чаргу праз тое, што на нашых тэрыторыях маштаб забруджанасці нашмат большы, чым у Японіі, а таксама за кошт пэўных прыродных асаблівасцяў.

“Што тычыцца ўзроўняў забруджання цэзіем, у Японіі найвялікшы ўзровень выпраменьвання недзе каля 1 кюры/кв.км (37 кБк/м2). А ў Беларусі ў трыццацікіламетровай зоне раней былі актыўнасці ў 1000 кюры/кв.км (37000 кБк/м2)”.

У Беларусі цяпер не практыкуюць зняцце верхняга слоя грунту — дбаюць пра ўрадлівасць глебы:

“У нас такія мерапрыемствы таксама праводзіліся адразу пасля аварыі, у асноўным на тэрыторыі населеных пунктаў, але яны не прывялі да паляпшэння радыяцыйнай абстаноўкі, хоць эканамічныя выдаткі былі значнымі. Можа японцы могуць гэта сабе дазволіць, а мы — не”.

Да таго ж, у Беларусі не ачышчаюць ваду цэалітамі, бо некаторыя даследаванні, у прыватнасці ўкраінскіх спецыялістаў, сведчылі, што гэта надта дорага і амаль не прыносіць вынікаў.

Як змагаюцца з радыяцыйным забруджваннем у Японіі і ў Беларусі
Прагноз забруджання цэзіем-137 на 2026 і 2046 гады. Выява: РУП "Белкартаграфія"

У нас у сельскай гаспадарцы на забруджаных тэрыторыях праводзяцца рэабілітацыйныя мерапрыемствы. Сярод іх падбор сельскагаспадарчых культур, якія не назапашваюць радыенукліды. Як адну з мераў практыкуюць унясенне калійных угнаенняў (яны падаўляюць паступленне цэзію), праводзяць залужэнне тэрыторыяў і ўнясенне вапняку (гэта падаўляе паступленне стронцыю). Акрамя гэтага ў краіне вядзецца пільны радыяцыйны кантроль за харчовай прадукцыяй.

У Беларусі, як і ў Японіі, таксама вядзецца ўзнаўленне інфраструктуры забруджаных тэрыторыяў, у прыватнасці, асфальтаванне тэрыторыі. Гэта не дазваляе пераносіць радыенукліды з пылам. Асфальт — абарона ад гама выпраменьвання.

Па стане на 1986 год у Беларусі забруджаныя цэзіем (узроўнем больш за 1 кюры/кв.км) былі 23% тэрыторыі, цяпер — 13,4%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі