Якаўлеўскі: Перашкоды для таго, каб зняць санкцыі ЗША, застаюцца
Так беларускі палітычны аглядальнік пракаментаваў заявы Міхаіла Мясніковіча ў Нью-Ёрку.
Нагадаем, кіраўнік беларускага ўраду знаходзіцца на Першым Беларуска-амерыканскім інвестыцыйным форуме. Як паведамляла Еўрарадыё, ён правёў перамовы з кангрэсмэнам Джэфрысам наконт адмены амерыканскіх санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў.
У каментары Еўрарадыё Раман Якаўлеўскі выказаў сумнеў у магчымасці таго, што ЗША будуць здымаць санкцыі:
Якаўлеўскі: "Калі мы чуем не Мясніковіча, а амерыканскі бок (маю на ўвазе нядаўні візіт амерыканскай міжведамаснай дэлегацыі), то па выніках візіту было сказана, што перашкоды застаюцца. А перашкоды — гэта палітзняволеныя".
Разам з тым палітычны аглядальнік адзначыў, што візіт Мясніковіча ў ЗША сведчыць пра пазітыўныя зрухі ў беларуска-амерыканскіх адносінах. На яго думку, кіраўнік урада паехаў не столькі на інвестыцыйны форум, колькі меў даручэнне Лукашэнкі праводзіць неафіцыйныя перамовы з амерыканскімі ўладамі, і сустрэча з кангрэсменам пацвярджае гэта.
Фота — svaboda.org