Якаўлеўскі: Сам факт Пражскай сустрэчы — гэта знак беларускім уладам
Як паведаміла прэс-служба Мілінкевіча, падчас сустрэчы, якая доўжылася амаль гадзіну, "быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў, датычных развіцця стасункаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам".
Палітыкі дамовіліся, што ў 2010 годзе Чэхія будзе працягваць праграмы падтрымкі людзей, якіх пераследваюць з палітычных матываў, і запрашаць беларускіх студэнтаў на вучобу ў ВНУ Чэхіі. Да таго ж, абодва бакі сустрэчы ўзгаднілі інфармацыю для СМІ, і таму вельмі падрабязных каментароў не даюць.
Кіраўнік прэс-службы міністэрства замежных спраў Чэхіі Мілан Ржэпка: "Я магу сказаць толькі, што міністр размаўляў з Мілінкевічам пра добрае супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю. Меркаванне абодвух бакоў — поспех палітычнага дыялогу на ўрадавым узроўні. Мілінкевіч сказаў віцэ-прэм'еру, што Беларусь вельмі задаволеная падтрымкай Чэшскай Рэспублікі падчас чэшскага прэзідэнцтва ў Еўрапейскім Саюзе. І што для Беларусі ўдзел у ініцыятыве “Ўсходняе Партнёрства” — вельмі добрая навіна. Наш міністр сказаў, што Чэхія хоча працягваць дзейнасць у сферы падтрымкі незалежных СМІ Беларусі”.
З незалежных СМІ называліся Еўрапейскае радыё для Беларусі і тэлеканал “Белсат”.
Журналіст Павал Мажэйка, які таксама быў у складзе беларускай дэлегацыі разам з Аляксандрам Мілінкевічам і Ўладзімірам Навасядам, лічыць кантакты з чэшскім бокам вельмі плённымі: "Гэта такія рабочыя сустрэчы, рабочыя кантакты, дзе не проста два бакі дыпламатычна заяўляюць пра прыхільнасць да дэмакратыі, свабоды слова, еўрапейскай інтэграцыі, а сапраўды размовы вядуцца па вельмі канкрэтных пунктах. І тыя рашэнні, якія прымаюцца, узгодненыя з двух бакоў, і прымаюцца і адным, і другім бокам".
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што гэта — важная сустрэча, якая сведчыць аб тым, што Беларусь застаецца пад увагай Еўропы.
Раман Якаўлеўскі: "Па-першае, хацеў адзначыць, што старшыня МЗС Чэхіі — ўсё ж сябра ўраду, у адрозненне ад Мілінкевіча. То бок, розная палітычная вага. А па-другое, сам факт сустрэчы — гэта знак беларускім уладам".
Як вядома, Чэхія застаецца апошняй краінай ЕС, якая не ратыфікавала Лісабонскай дамовы, і еўрапейскія лідары незадаволеныя ўпартасцю чэшскага прэзідэнта Вацлава Клаўса. Але ў тым, што сустрэча Мілінкевіча з чэшскім міністрам адбылася якраз у гэты час, нічога надзвычайнага, на думку Рамана Якаўлеўскага, няма.