Юрый “Фенікс” Бірукоў: Паглядзеў ласкава прэзідэнту ў вочы і папрасіў БТРы

Даведка Еўрарадыё: Юрый Бірукоў, прадпрымальнік, валанцёр, дарадца прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Падчас Майдана 2013-2014 гадоў займаўся валанцёрскай дзейнасцю, дапамагаў дастаўкай рэчаў і прадуктаў пратэстантам. Пасля пачатку баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны заснаваў “Фонд дапамогі краіне Крылы Фенікса”. Фонд апекуе каля дзесятка ваенных брыгад і некалькі спецпадраздзяленняў, рамантуе самалёты, будуе штабы, набывае машыны, друкуе мапы, прывозіць рыштунак і прадукты.

Еўрарадыё: Для беларусаў даволі дзіўнай стала інфармацыя пра тое, што забеспячэннем украінскай арміі ўсім неабходным заняліся звычайныя украінцы-валанцёры. Чаму людзі вымушаныя рабіць тое, чым павінна займацца Міністэрства абароны?

Юрый Бірукоў: Я вас запэўніваю, калі раптам, крый Божа, беларускай арміі давядзецца ваяваць, то беларусы таксама раптам з жахам усвядомяць, што дэманстратыўныя парады і прыгожыя рапарты Міністэрства абароны пра тое, як усё добра — гэта адно, а рэальны стан спраў у арміі — гэта зусім іншае. І так у любой арміі свету, якая ў расслабленым стане знаходзіцца і не рыхтуецца да рэальнай вайны. Ёсць парады, ёсць дэманстрацыі, ёсць нейкая колькасць новай тэхнікі, што набываецца, а потым раптам высвятляецца, што тэхніка, якая па паперах лічыцца як “тэхніка глыбокай кансервацыі” — гэта на самой справе нежыццяздольныя горы металалому. І так ва ўсім астатнім. Прычым, так у любой краіне. Да ўсяго, раптам мы разумеем, што большая частка запчастак — расійскай вытворчасці. Ну, і адпаведна ўзнікаюць звязаныя з гэтым праблемы.

                              Валанцёр Юрый Бірукоў

Еўрарадыё: З тэхнікай сітуацыю патлумачылі, а як патлумачыць, што салдатам няма чаго есці і няма, што апрануць?

Юрый Бірукоў: Ну, наконт таго, што няма чаго есці — гэта поўная лухта. Мы сёння не можам зразумець, куды падзець тоны прадуктаў, якія доблесныя мамашы і іншыя бесталковыя валанцёры цягнуць у армію. Не, ну, вось, кавы ў іх няма, і мы рэальна збіраем каву хлопцам. А з крупамі, макаронамі і тушонкай праблем не існуе.

Еўрарадыё: Нацельная бялізна, спальнікі, берцы — здавалася б, гэта павінна быць у арміі, але і гэтым салдат вымушаныя забяспечваць валанцёры?

Юрый Бірукоў: Няма і ў гэтым ніякай нечаканасці. У нас спальнікі не прапісаныя ні ў адной ведамасці. Як і ў вашай арміі, і ў расійскай. Салдату абавязаныя выдаць коўдру ўстаўнога колеру, падушку і матрац набіўны. І цяпер мы вучымся таму, што цягаць з сабой трэба не ложкі стальныя з матрацамі і падушкамі, а патрэбныя спальнік і дыванок. Гэта тое, што высвятляецца цяпер па ходзе, бо ўкраінская армія не ваявала ніколі! Пакуль “брацкі” расійскі народзец раптам не палез ва Украіну. Падвяду вынік: для мяне ўся гэтая сітуацыя нечаканасцю не стала. Мне, як адэкватнаму чалавеку, было зразумела, што ў нас ёсць паказальная армія — Кіеўскі гарнізон, які раз на год бярэ ўдзел у парадах. І ёсць уся астатняя армія, якая спрабуе выжыць. І што ў такой сітуацыі было рабіць? Я прывык калі мяне просяць аб дапамозе, дапамагаць.

Еўрарадыё: Хто да вас звярнуўся па дапамогу, нейкі генерал ці палітык?

Юрый Бірукоў: Ай, не смяшыце, які генерал?! Звярнулася адна воінская частка, папрасілі падвезці радыёстанцыю — ну, падвёз. З гэтага ўсё і пачалося. Але гэта рэальна было паўгода таму, цяпер пра гэта сумна ўзгадваць.

Еўрарадыё: Я сабе з цяжкасцю ўяўляю, дзе б я, калі раптам такая патрэба надарылася, змог у Беларусі набыць бронекамізэлькі…

Юрый Бірукоў: Я вас запэўніваю, усё немагчымае магчыма, калі захацець. Калі паўстала пытанне, што патрэбныя бронекамізэлькі, я проста праз інтэрнэт знайшоў вытворцу бронепласцін, а потым з дапамогай таго ж інтэрнэта знайшоў швейную фабрыку, якая пачала шыць чахлы для бронекамізэлек. І потым, складаючы чахол з пласцінай, я атрымліваў бронекамізэлку. У гэтым нічога складанага няма.

Гэты, ужо спісаны самалёт, валанцёры з "Крылаў Фенікса" адрамантавалі і перадалі вайскоўцам

Еўрарадыё: Добра, а дзе звычайнаму чалавеку набыць якасныя вайсковыя каскі?

Юрый Бірукоў: Ды ўсё тое ж самае: з дапамогай інтэрнэта я пачаў шукаць, хто прадае каскі. Знайшоў і пачаў іх набываць. Спачатку ва Украіне, а потым і па ўсім свеце.

Еўрарадыё: Ага, і як гэта ўсё праз мяжу правезці? Няўжо так лёгка вырашаюцца пытанні з растаможкай, афармленнем?

Юрый Бірукоў: Не ведаю, лёгка яны вырашаюцца ці не: мы ўсё кантрабандай завозім. І таму ніякіх растаможкі і афармлення няма, бо мы нічога не растамажваем і не афармляем!

Еўрарадыё: На ўсё гэта патрэбныя грошы, ці лёгка іх збіраць?

Юрый Бірукоў: Мы проста пішам у сацсетках, колькі нам трэба грошай, і яны бяруць і збіраюцца містычным чынам. Людзі адгукаюцца: я нават не ведаю, колькі мільёнаў долараў мы за гэты час сабралі — шмат.

Так выглядае партыя дапамогі, якую адпраўляе Юрый Бірукоў вайскоўцам

Еўрарадыё: Такое ўражанне, што цяпер палова Украіны займаецца валанцёрствам — ці ёсць у валанцёраў нейкая каардынацыя? 

Юрый Бірукоў: Нічога не чуў наконт таго, каб валанцёраў хоць нехта каардынаваў. Я сам па сабе, свой уласны, і займаюся 79-й аэрамабільнай брыгадай. Разам са мной працуюць іншыя людзі, якія займаюцца сваімі задачамі: кожны бярэ свой кавалак працы і сам яе робіць, ні з кім не каардынуючыся.

Еўрарадыё: Чытаў, як вы выводзілі салдат з акружэння ў зоне “Д”, як так склалася, што вам давялося ўзяцца за такую працу?

Юрый Бірукоў: Ну, вось, узяла так, і склалася. Са мной звязаліся і папрасілі, калі атрымаецца, знайсці дарогу (каб салдат вывесці з акружэння — Еўрарадыё), і я ўзяў ды знайшоў дарогу. Я рэальна на планую подзвігі наперад, у мяне гэта не запісана ў штодзённіку: “Раніцай здзейсніць подзвіг па выцягванні 75 параненых”. Але неяк так тады склалася сітуацыя, што я апынуўся ў патрэбны час у неабходным месцы. З мабільным тэлефонам, на які былі закачаныя падрабязныя мапы гэтай мясцовасці. І такім чынам мы знайшлі бяспечную дарогу.

Еўрарадыё: Таксама чытаў, што вам за вашу крытыку ваеннага кіраўніцтва і за тое, што пішаце ў сацсетках праўду пра сітуацыю на фронце, пагражалі смерцю высокія чыны з залатымі пагонамі?

Юрый Бірукоў: Гэта абсалютная праўда, пагражалі фізічнай расправай і гэтак далей. Усё завяршылася тым, што мяне прызначылі дарадцам прэзідэнта краіны. Мой профіль у асноўным звязаны з каардынацыяй валанцёрскага руху і ўсім тым, што звязана з арміяй. Я думаю, што цяпер іх крыху “папусціла”.

                       Юрый Бірукоў і Пётр Парашэнка

Еўрарадыё: Ці стала вам лягчэй пасля прызначэння здабываць усё тое, што неабходна вайскоўцам?

Юрый Бірукоў: Вы намякаеце на тое, што я нахабна карыстаюся службовым становішчам у службовых мэтах?! На самой справе, усё тое, што я да гэтага прызначэння рабіў як валанцёр, я і цяпер раблю як валанцёр. Ад таго, што мяне прызначылі дарадцам прэзідэнта, ці сталі мне больш грошай пераводзіць? Не ведаю, не фіксаваў. Прыблізна столькі ж. Грошы ж я збіраю не тым, што “кашмару” бізнес: “Давайце грошы, а то я вас зарэкецірую!” Грошы мы збіраем у насельніцтва, а яму, у пераважнай ступені, да лямпачкі: дарадца я прэзідэнта ці не дарадца. Тое ж і па закупках: калі я раней набываў у Германіі бэушныя каскі, то ім таксама глыбока да лямпачкі, які ў мяне статус. Гэты статус не прывёў да нейкіх зменаў у маёй валанцёрскай дзейнасці. Я стаў валодаць большым аб’ёмам інфармацыі — гэта так.

Еўрарадыё: Але калі раней начальнік склада, дзе захоўваецца патрэбны вашай падшэфнай брыгадзе БТР, на вашы просьбу выдаць яго адказваў: “Ды хто ты такі?!”, то цяпер вы горда можаце адказаць: “Дарадца прэзідэнта! Гані БТР!”

Юрый Бірукоў: Паправачка: раней я б да начальніка воінскага склада нават не дайшоў бы — мяне б на КП не прапусцілі. А цяпер пытанні па БТР я вырашаў больш вытанчана: я ласкава і аддана гледзячы ў вочы прэзідэнту папрасіў яго пра дапамогу. Ён мне і дапамог.

Еўрарадыё: Проста дастаў з кішэні і аддаў?

Юрый Бірукоў: Гэта быў тонкі разлік: проста ў Пятра Аляксеевіча ёсць прэзідэнцкі полк, у якім ёсць БТРы. Ён патэлефанаваў камандзіру палка і папрасіў пасадзейнічаць. Калі б я прыйшоў да яго і папрасіў стратэгічны бомбандзіроўшчык, то наўрад ці ён змог бы мне дапамагчы, бо сваёй авіяцыі ў прэзідэнта няма.

              БТРы, якія Юрый Бірукоў выпрасіў у Пятра Парашэнкі

Еўрарадыё: Цікава, што колькі б батальёны добраахвотнікаў, той жа Сямён Сяменчанка, ні прасілі даць ім цяжкое ўзбраенне, так яго і не выпрасілі…

Юрый Бірукоў: Спадару Сяменчанку гатовы парэкамендаваць распусціць батальён добраахвотнікаў “Данбас”, які падпарадкоўваецца Міністэрству ўнутраных спраў. І сфармаваць батальён добраахвотнікаў у складзе Узброеных сіл Украіны, і тады ў яго не будзе ніякіх праблем з узбраеннем. А так: з-за якога перапуду міліцыі, калі яны батальён добраахвотнікаў МУС, даваць танкі? Яму па рангу не паложана, таму яму іх і не даюць. Перавядзе батальён у падпарадкаванне Мінабароны — будзе танкі атрымліваць. Заўтра якое-небудзь Таварыства рыбаловаў і паляўнічых арганізуецца, будзе абараняць Кахоўскае вадасховішча і будзе гістэрыць у Фэйсбуку, што ім патрэбная падводная лодка — ну дык, сцяг вам у рукі! (Размова адбывалася вечарам 29 жніўня. А ўжо 1 верасня, пасля выхаду рэшткаў батальёнаў добраахвотнікаў з “ілавайскага катла” стала вядома, што адроджаным батальёнам будзе такі выдадзенае цяжкое ўзбраенне. Праўда, у гэты ж дзень на старонцы Юрыя Бірукова з’явіўся запіс, дзе была паўтораная выказаная ў інтэрв’ю Еўрарадыё прапанова: “Маё асабістае меркаванне — усе гэтыя батальёны добраахвотнікаў даўно трэба рэфармаваць у лінейныя батальёны рэгулярнай арміі”. — Еўрарадыё)

Ёсць тры віды батальёнаў добраахвотнікаў: пры Мінабароны, пры МУС і цяпер праводзіцца эксперымент у маёй 79-й брыгадзе: ствараецца батальён добраахвотнікаў унутры армейскай брыгады. З пункту гледжання забеспячэння рэсурсамі, зразумела, лепш за ўсіх сітуацыя ў лінейным батальёне 79-й брыгады. Бо, нягледзчы на тое, што яны добраахвотнікі, што само па сабе добра, яны ўсё ж падпарадкоўваюцца камандаванню брыгады. Гэта хоць неяк кіруемая, трэніруемая, дрэсіруемая супольнасць людзей. А калі арганізоўваюцца самі батальёны і просяць сабе ракеты і знішчальнікі, ну, мала хто што просіць.

Еўрарадыё: А як жа батальён “Правага сектара”, які нікому не падпарадкоўваецца?

Юрый Бірукоў: Няма ніякіх батальёнаў “Правага сектара”. Ну, атрадзік невялічкі ёсць. Усе ведаю пра “Правы сектар”, але вы нават не паверыце, як мала таго “Правага сектару”! І Уладзімір Уладзіміравіч, і Чуркін на пасяджэнні Саўбеза ААН узгадваў “Правы сектар” — у “Правага сектара” вельмі моцныя піяршчыкі, так. І чаму Мінабароны будзе нідзе не зарэгістраванаму атраду, групе людзей, даваць узбраенне? Давайце, заўтра збярэцца група людзей, якія будуць заклікаць да звяржэння канстытуцыйнага ладу і Мінабароны ім таксама будзе даваць узбраенне!

            Юрый Бірукоў і прадстаўнік "Правага сектару" Барыслаў Бяроза

Еўрарадыё: Тады ўвогуле ўзнікае пытанне пра законнасць існавання “атрадзіка “Правага сектара””…

Юрый Бірукоў: Атрада сацыяльных супрацоўнікаў імя “Правага сктара”? А я не ведаю, ці існуе ён увогуле. Ёсць нейкая колькасць людзей, аб’яднаных агульнай ідэяй, але ж яны не прэтэндуюць на афіцыйны статус, на статус удзельніка баявых дзеянняў і гэтак далей. Ну, вось, ёсць група людзей. З чым яны там па лясах бегаюць? Не ведаю. Магчыма, з падручнікамі.

Еўрарадыё: Ага, на ім так і напісана: “Падручнік правасека”!

Юрый Бірукоў: Во-во! Дакладна ён!

Еўрарадыё: Бачыў фота ў Інтэрнэце тых БТР, якія вы на нейкім са складаў атрымалі, сапраўды груда металалому.

Юрый Бірукоў: Уся тэхніка любой краіны свету, якая знаходзіцца на глыбокай кансервацыі цягам 30 гадоў, выглядае дакладна так. Ці то ў ЗША, ці то ў Расіі, ці то ў Беларусі. Украіна ў гэтым выпадку не ўнікальная. Нічога, мы яе адновім. Грошы на гэта збяром, неабходны час патрацім. Збяруцца валанцёры: токары, слесары і іншыя аўтарэмонтнікі, будуць усе гэтыя БТРы праз пару тыдняў на хаду.

А так выглядаюць БТРы "глыбокай кансервацыі", якія Юрый Бірукоў атрымаў на ваенным складзе

Еўрарадыё: Скажыце мне як дарадца прэзідэнта, ці праўда, што яго аберагаюць ад праўдзівай інфармацыі пра сітуацыю на фронце і ў арміі?

Юрый Бірукоў: Глупства. Ён больш чым дасведчаны пра сітуацыю спраў у нашай арміі, пра аперацыі, якія праводзяцца. Нейкія нюансы, па нейкім узводзе нейкай роты ён можа і не ведае, але агульны зрэз сітуацыі ў краіне ён больш чым цудоўна ведае. У яго каманда невялікая, але гэтая каманда з адэкватных людзей.

Еўрарадыё: Апошнія падзеі пад Ілавайскам, увядзенне ва Украіну рэгулярных частак расійскай арміі нарадзілі перасцярогі, што, магчыма, нават Кіеў давядзецца здаваць…

Юрый Бірукоў: Расійскія дэсантнікі дохнуць гэтак жа весела, як і ўсе астатнія сепаратысты. Гэта, канешне, вельмі весела: казаць, што Кіеў трэба здаваць. Але пакуль што ў Расійскай Федэрацыі не хапае сілёнак на тое, каб тоненькую палоску Украіны ўтрымаць. Так што, я гэтым песімізмам не хварэю ні з якога боку. Гэта, калі можна так сказаць, нармальны стан вайны: наступаем, адступаем, зноў наступаем-адступаем. Пакуль што падстаў для панікі няма: РФ — гэта калос на гліняных нагах. Як і іх доблесная армія. Так, яны ў апошнія гады ўлівалі безліч грошай, то што, цяпер іх 18-гадовыя салдаты тэрміновай службы сталі берсеркамі бессмяротнымі, ці што? Не, яны паміраюць гэтак жа, як іншыя людзі.

Еўрарадыё: Ці лёгка вам супрацоўнічаць з Мінабароны, дзе, як сцвярджаюць, шмат здраднікаў?

Юрый Бірукоў: Тое, што ў Генштабе і Мінабароны дастатковая колькасць здраднікаў, гэта зразумела па змоўчанні. Бо ўсе нашы сённяшнія генералы ваенныя вучэльні заканчвалі яшчэ ў савецкія часы. У розных гарадах Савецкага Саюза і навучаліся разам з тымі генераламі, якія цяпер генераляць у расійскай арміі. І ўвесь гэты час яны былі ў кантакце, мелі зносіны — ніхто ж ніколі і ў страшным сне не мог уявіць, што ў нашага суседа дах знясе. Але для гэтага ёсць контрразведка, іншыя службы — хай працуюць. У прынцыпе, яны і працуюць, перыядычна адлоўліваюць.

Еўрарадыё: Прыгадайце самую страшную сітуацыю, якая здаралася падчас вашых паездак у зону АТА?

Юрый Бірукоў: Cяброў блізкіх хаваць. Калі вы кажаце пра страх такі: адрэналін, а я такі джыгіт, то на самой справе, ніякай рамантыкі там няма: вязеш сабе груз і вязеш. Ну, а так… І стралялі па нас, і на фугасах падрываліся.

Еўрарадыё: Ці лёгка вам будзе па заканчэнні вайны вярнуцца да мірнага жыцця?

Юрый Бірукоў: А я ж і не вярнуся да мірнага жыцця — мне ж і далей трэба будзе армію адраджаць.

Еўрарадыё: Вы сябе канчаткова лічыце дзяржаўным чалавекам і будзеце далей цягнуць ускладзеныя на сябе абавязкі?

Юрый Бірукоў: Як ні шчыра сорамна гэта прамаўляць, але я дзяржаўны служачы 5 катэгорыі, а гэта дастаткова высокая катэгорыя. І я не толькі адчуваю сябе дзяржаўным чалавекам, я такі і ёсць. 

             Юрый Бірукоў і лідар гурта "Акіян Эльзы" Святаслаў Вакарчук

Фота: Змітра Лукашука, zn.ua, з архіва Юрыя Бірукова

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі