З 7 тысяч хакейных заўзятараў на экскурсіі ездзяць 450 чалавек
Турысты глядзяць “лінію Сталіна” Мірскі і Нясвіжскі замкі, а ў музеі амаль не ходзяць. Еўрарадыё даведалася, што цікавіць заўзятараў у Беларусі.
“На экскурсіі ездзяць шмат. У першую чаргу, экскурсіі па Мінску. Таксама на “лінію Сталіна”, у “Дудуткі”, у Мір і ў Нясвіж. У Полацк адна група турыстаў паехала. Але яны шмат часу праводзяць у фан-зоне. Пытаюць пра пракат ровараў, расіяне цікавіліся казіно”, — пералічваюць зацікаўленасці турыстаў у “Цэнтркурорце”, які займаецца хакейнымі заўзятарамі.
У студэнцкай вёсцы “Цэнтркурорт” рассяліў 3 тысячы расіян, 1,8 тысячы з Латвіі. Таксама тут жывуць чэхі, фіны, агулам — турысты з 34 краін.
“Мы ў фан-вёсцы абслужылі ўжо каля 7 тысяч. З іх на экскурсіі ездзяць 450 чалавек”, — дадаюць у “Цэнтркурорце”.
Мірскі замак прымае турыстаў з Латвіі.
“Учора была вялікая група турыстаў з Латвіі. Сёння таксама яны ёсць. Яны глядзяць музей. З Расіі таксама шмат турыстаў”, — кажуць пра заўзятараў у Мірскім замку.
І дадаюць, што турысты не хуліганілі, паводзілі сябе культурна. Але вялікага наплыву з-за чэмпіянату тут не заўважаюць.
Аглядныя экскурсіі па Мінску на двухпавярховых аўтобусах ацанілі і турысты з Францыі, Фінляндыі і Расіі. З 9 траўня пакаталі ўжо тысячу чалавек, прызнаюцца ў турфірме “Дром-тур”.
“Каб усе месцы запоўніліся, такога няма. Толькі 1 траўня адзін аўтобус запоўніўся расійскімі турыстамі. Спачатку 90% былі расіяне. А цяпер ужо траціна — з іншых краін. З Латвіі ездзілі ўжо, з Фінляндыі ездзілі, з Германіі таксама”, — пералічваюць у турфірме.
Нацыянальны мастацкі музей хакейныя турысты амаль ігнаруюць: заходзілі некалькі заўзятараў з пачатку чэмпіянату.
“Турысты заходзяць, але арганізаваных груп няма. Адзінкавыя наведванні. У асноўным, рускамоўныя. Былі замежнікі, якія гаварылі па-англійску, але незразумела, адкуль яны. Хутчэй за ўсё, заўзятары ў іншых месцах бавяць час”, — у мастацкім музеі спадзяюцца, што на “Ноч музеяў” турысты ўсё ж прыйдуць.
На чэмпіянат па хакеі ўлады Мінска чакалі больш за 20 тысяч заўзятараў. Агулам, на матчы прадалі больш за паўмільёна квіткоў.
Фота: ctv.by