З Чырвонай кнігі могуць выключыць каля 40 відаў жывёл і раслін
Мядзведзь, ілюстрацыйнае фота
Каля сарака відаў жывёл і раслін могуць выключыць з наступнага выдання Чырвонай кнігі. Пра гэта ў каментары інфармагенцтву "Мінск-Навіны" расказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.
Па яго словах, Беларусь паказвае істотны прагрэс "у пытаннях захавання і ўстойлівага выкарыстання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці". У выніку з чацвёртага выдання Чырвонай кнігі было выключана дваццаць відаў дзікіх жывёл і восем — раслін.
А з пятага выдання Чырвонай кнігі, заяўляе Худык, плануецца выключыць яшчэ 12 відаў жывёл і 26 — раслін. Яшчэ шэрагу відаў прапануюць панізіць ахоўны статус. Гэта такія віды, як зубр еўрапейскі, рысь, буры мядзведзь, барсук звычайны.
"Усе змены ў Чырвоную кнігу ўносяцца выключна па выніках навуковых даследаванняў", — запэўнівае міністр.
Еўрарадыё распавядала, што апошнім часам мядзведзі ў Беларусі ўсё часцей выходзяць да людзей. Паляўнічыя і леснікі прапануюць выключыць жывёлу з Чырвонай кнігі. А навукоўцы рэкамендуюць не спяшацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.