З эканамічных злачынцаў зробяць хуліганаў

Прэзідэнт прапанаваў правесці яшчэ адну “амністыю” Сёлета ў Беларусі будзе фактычна дзве амністыі. Першая пройдзе ў адпаведнасці з законам “Аб амністыі”, які ўжо прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.  А яшчэ на волю могуць выйсці эканамічныя злачынцы. Прэзідэнт прапанаваў праект гуманізацыі: некаторыя крымінальныя артыкулы стануць адміністрацыйнымі.

І калі раней некаторыя са злачынстваў вялі спачатку на лаву падсудных, а потым — у калонію, то цяпер пакаранне за іх можа абмежавацца штрафам. Праўда, найперш гэтая “гуманізацыя” тычыцца злачынстваў эканамічных. Да прыкладу, крымінальная адказнасць за ўхіленне ад выплаты падаткаў будзе толькі тады, калі сума нявыплачаных падаткаў складзе 35 мільёнаў рублёў. Раней краты пагражалі тым, хто схаваў ад падаткавых інспектараў 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў. Аналагічны падыход будзе і ў дачыненні да “незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці”.

Паводле слоў старшыні камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Віктара Гумінскага, справы ўсіх злачынцаў, крымінальныя артыкулы якіх раптоўна стануць адміністрацыйнымі, перагледзяць — і яны выйдуць на свабоду.

Віктар Гумінскі: “З прыняццем новага заканадаўства, дакладней, унясеннем зменаў, пра якія вы кажаце, яны патрапяць пад дзеянне ўжо новага заканадаўства. Будзе перагляд тых спраў, якія трапляюць пад гэтыя артыкулы”.

Але разлічваць на тое, што вызваленыя ў адпаведнасці з унесенымі зменамі ў заканадаўства асуджаныя змогуць патрабаваць нейкую кампенсацыю за праведзены ў няволі час альбо проста выбачэнні з боку дзяржавы, не даводзіцца.

Віктар Гумінскі: “Такога быць не можа! Яны атрымалі сваё пакаранне паводле заканадаўства, якое дзейнічала на той час. Жыццё ідзе, усё цячэ і мяняецца. У тым ліку і заканадаўства. І гэта не кажа пра тое, што яны могуць патрабаваць нейкія кампенсацыі. Так, калі яны патрапяць пад змены ў артыкулах, то іх вызваляць. Але гэта сведчыць пра тое, што адбыліся змены ў самім заканадаўстве, а не пра тое, што яны няправільна былі асуджаныя. Яны былі асуджаныя ў адпаведнасці з дзейючым заканадаўствам. І якія тут могуць быць пытанні?”

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, колькі людзей маюць шанец выйсці на свабоду ў тым выпадку, калі дэпутаты зацвердзяць без зменаў прапанаваны прэзідэнтам праект закона. Кіраўнік прэс-службы Генеральнай пракуратуры Генадзь Вярцінскі паведаміў, што супрацоўнікі пракуратуры даволі працяглы час займаліся педантычным падлікам асуджаных, якія атрымаюць нечаканую “амністыю”. Але агучваць гэтую лічбу, кажа прэс-сакратар, яго калегі пакуль не жадаюць.

Генадзь Вярцінскі: “Я ўдакладніў у адпаведным аддзеле. Там прапрацоўкай гэтага займаліся, і доўга займаліся. Але зараз пакуль яны лічбу не змогуць прадаставіць. Так яны сказалі”.

Прычыну гэтай таемнасці супрацоўнікі Генпракуратуры не патлумачылі.

Фота: www.liveinternet.ru

Чытайце таксама:

Пад сёлетнюю амністыю не трапяць карупцыянеры, а цяжарныя за яе заплацяць

Па амністыі без кампенсацыі вызваляць толькі 10 цяжарных

Наступная амністыя можа быць аб'яўлена ў 2010 годзе

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі