З замарожанага мяса робяць вараныя каўбасы і кансервы
Навошта мясакамбінаты захоўваюць месяцамі мяса і якія прадукты з яго можна рабіць?
У лядоўні Слуцкага мясакамбіната кіраўнік краіны пачуў кепскі пах сапсаванага мяса. І ўмовы захоўвання падаліся непрымальнымі. На самім прадпрыемстве кажуць, што прадукцыя не была сапсаваная, гэта проста мяса глыбокай замарозкі. Але навошта доўга яго захоўваць?
На Віцебскім мясакамбінаце, калі чуюць пра замарожанае мяса, адразу адмаўляюцца гаварыць:
"Калі вы ў плане каментара па Слуцкім мясакамбінаце, то я ніякіх каментароў даваць не буду".
На іншых прадпрыемствах расказваюць больш. У Ваўкавыску распавядаюць, што захоўваць свініну можна не больш за 12 месяцаў пры тэмпературы -25 градусаў. Калі тэмпература вышэйшая, то і тэрмін, адпаведна, меншы. Але навошта доўга захоўваць мяса, там не ведаюць.
У Гродне кажуць, што так доўга, як прапісана ў дакументах, мяса не захоўваюць.
"Так доўга, як у дакументах, мы не захоўваем. Так, як захоўвалі на Слуцкім мясакамбінаце... мы не ведаем, колькі там захоўвалі".
На Магілёўскім мясакамбінаце ўвогуле няма запасу, адразу ўсё ідзе на перапрацоўку.
"Мы зараз увогуле доўга нічога не захоўваем, бо няма такога запасу. У нас мяса што прыйшло, то і пайшло на перапрацоўку".
Тэрміны, колькі захоўваць мяса, вызначаны на падставах даследаванняў, што прадукцыя на працягу гэтага часу пры такіх умовах не губляе паказчыкі бяспекі і якасці. Кажа начальніца аддзела мясных прадуктаў Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Святлана Гардынец.
"Цяпер гэта не вельмі актуальна — доўга захоўваць. У некаторых недахоп сыравіны. На мясакамбінатах практычна не захоўваюць. Захоўваюць больш на холадакамбінатах. Захоўваецца з рознымі мэтамі, напрыклад, каб зрабіць запас сыравіны, але ў асноўным гэта дзяржрэзерв. Канечне, мяса губляе свае смакавыя якасці у параўнанні з ахалоджаным. Але ёсць сітуацыі, калі прадпрыемства не можа адразу ўсё перапрацаваць. Бывае, мяса паступае замарожаным з-за мяжы, яго набываюць, калі не хапае свайго. Такое мяса прыходзіць замарожаным і яно таннейшае".
Калі перапрацаваць адразу ўсё мяса і прадукцыя сапсуецца, то страты будуць яшчэ большымі. Таму часам мясакамбінаты перапрацоўваюць мяса паступова. Калі яго ў Слуцку захоўвалі паводле інструкцыі, то гэта нармальна, калі не, то гэта іншае пытанне.
Што ж робяць з замарожанага мяса?
"Яго адпраўляюць на перапрацоўку. З яго можна зрабіць толькі прадукты, якія паўторна нельга замарожваць. Гэта ў асноўным ідзе на вараныя каўбасы і кансервы. А зрабіць пяльмені з яго нельга, бо пяльмені паўторна замарожваюцца. Пры гэтым мяса не проста паступае на перапрацоўку, яно павінна прайсці праз лабараторыю", — кажа Святлана Гардынец.
Дарагія каўбасы не робяць з замарожанага мяса, а вось сапсаванае мяса можна пусціць на выраб корма для жывёлаў.