За "шэсце нацыянальнага сцяга" Анатоля Лябедзьку аштрафавалі на 9 млн рублёў
28 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку на 9 мільёнаў рублёў (50 базавых велічынь).
Нагодай стаў удзел палітыка ў "шэсці нацыянальнага сцяга", якое прайшло ў Мінску 10 кастрычніка. Палітыка прызналі вінаватым паўторным на працягу года парушэнні парадку арганізацыі або правядзення вулічнага мерапрыемства. 50 базавых велічынь — гэта максімальны памер штрафу па гэтым артыкуле.
Рашэнне наконт штрафу для палітыка вынесла суддзя Вікторыя Шабуня, уключаная ў спіс неўязных у ЕС за ўдзел у шматлікіх судовых працэсах над прадстаўнікамі апазыцыі.
Сам Лябедзька лічыць, што на судзе абвінавачанне развалілася. "Падчас акцыі ніякіх пратаколаў на мяне не складалася. Маёр міліцыі, якога выклікалі сюды, таксама сказаў, што на месцы ён нічога не складаў, яму паклалі рапарты сведкі. Але ў гэтых рапартах было толькі тое, што яны зафіксавалі факт маёй прысутнасці на плошчы, хоць складалі пратакол за тое, што я нібыта арганізаваў шэсце па праспекце. Гэта значыць разыходжанні былі ўжо ў самым пратаколе, але суддзя махнула на гэта рукой", — распавёў Лябедзька ў каментары БелаПАН.
Дарэчы, 9 кастрычніка Лябедзьку таксама аштрафавалі на 9 мільёнаў рублёў за арганізацыю акцыі супраць расійскай авіябазы. Яна адбылася 4 кастрычніка на плошчы Свабоды ў фармаце народнага сходу.
Фота: фэйсбук Анатоля Лябедзькі