За тры дні да вызвалення зноў судзяць праваабаронцу Андрэя Бандарэнку
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 29 сакавіка пройдзе разгляд справы зняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, піша праваабарончы сайт "Вясна". Суд пачнецца а 10-й гадзіне. Тэрмін папярэдняга прысуду ў яго заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.
Бандарэнку вінавацяць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.
Як адзначаюць праваабаронцы, адміністрацыя турмы №4 Магілёва, дзе адбывае пакаранне Бандарэнка, кантралюе кожнае яго дзеянне, каб накласці чарговае спагнанне. Супрацоўнікі турмы чапляюцца да любой дробязі, ствараюць праблемы з ліставаннем.
Калі Бандарэнку сёння асудзяць, то праваабаронцы гатовыя прызнаць яго палітвязнем.
Нагадаем, што праваабаронцу асудзілі ў 2014 годзе на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве.