Забойца Ганны Сардэчкінай атрымаў 15 гадоў зняволення (відэа)

Нагадаем, дзяржабвінаваўца прасіў суд прызнаць Канстанціна Казлова вінаватым у забойстве і прысудзіць яго да 15 гадоў пазбаўлення волі. Адвакат абвінавачанага папрасіў для свайго падабароннага 6 гадоў пазбаўлення волі. Суд пастанавіў спагнаць з Казлова на карысць пацярпелай сястры Ганны Сардэчкінай Кацярыны каля 12,5 млн рублёў, а таксама 100 млн рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Казлоў будзе адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Вось што распавёў прысутны на абвяшчэнні прысуду карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі:



"У зале было вельмі шмат людзей і вельмі шмат прэсы, як дзяржаўнай, так і недзяржаўнай... Забойца быў спакойны, агучаны прысуд ён успрыняў спакойна. На пытанне суддзі, ці зразумела яму, якім чынам яго пакараюць і якім чынам ён можа падаваць касацыю, сказаў, што "так, усё зразумела"... Родныя забітай былі нешматслоўныя. Сказалі, што прысуд быў чаканы і яны задаволеныя ім, наколькі можна быць задаволеным у такой сітуацыі, страціўшы блізкага чалавека".
 

Нагадаем, што мінчанка, кіраўніца клуба лучнікаў-аматараў Ганна Сардэчкіна знікла 12 жніўня мінулага года. Праз два дні ў міліцыю з заявай пра яе знікненне звярнуўся яе былы муж, які пазней стаў падазраваным у забойстве. Падчас расследавання ён прызнаўся ў злачынстве і паказаў, дзе схаваў парэшткі забітай.

Высветлілася, што жанчына спачатку была задушаная, пасля яе цела пасеклі на кавалкі. Частку астанкаў знайшлі ў пакетах на дне Цнянскага водасховішча, а частка была закапаная.

Абвінавачаны па справе, былы муж Сардэчкінай Канстанцін Казлоў цалкам прызнаў сваю віну. Падчас допыту ён расказаў, што пасля разводу у яго з жонкай "узнікалі сваркі на глебе непрыязных адносін" і гэта перашкаджала яго "нармальным адносінам з малалетнім сынам".

Працэс па гучнай справе пачаўся 3 лютага ў судзе Заводскага раёна Мінска. У судзе адбыўся допыт чатырохгадовага сына Ганны Сардэчкінай. Допыт дзіцяці прайшоў пры зачыненых дзвярах — без абвінавачанага Казлова і сведак па справе, а таксама прэсы. Як вынікае са словаў суддзя пасля гэтай гутаркі, хлопчык бачыў момант забойства.

Канстанцін Казлоў мае вышэйшую адукацыю, да затрымання працаваў вядучым інжынерам-праграмістам ў адным з унітарных прадпрыемстваў сталіцы. За кратамі ён знаходзіцца ад 20 жніўня 2013-га.

Фота Алеся Пілецкага, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі