Забойца журналістаў у ЗША выклаў у інтэрнэт відэа забойства, якое зняў сам
Ён спрабаваў застрэліцца і быў затрыманы паліцыяй.
Забойца двух журналістаў тэлеканала WDBJ7 зняў увесь працэс на камеру мабільнага тэлефона і выклаў у фэйсбук.
Падазраванага затрымала паліцыя. Ім апынуўся былы калега журналістаў Вестэр Лі Флэнаган. Падчас пагоні, якая цягнулася некалькі гадзін, ён змяніў два аўтамабілі і пісаў у твітар, а потым спрабаваў застрэліцца. Флэнагана затрымалі, і цяпер ён знаходзіцца ў цяжкім стане.
Нагадаем, 24-гадовую рэпарцёрку Элісан Паркер і 27-гадовага аператара Адама Уарда застрэлілі падчас жывога тэлеэфіру. Яны бралі інтэрв'ю на вуліцы ў горадзе Манета, перадае BBC. Абодва яны працавалі на тэлеканале WDBJ7 ў амерыканскім штаце Вірджынія. Чыноўніца, у якой яны бралі інтэрв'ю, шпіталізаваная.
Губернатар штата Тэры Маколіф распавёў, што падазраваны — былы супрацоўнік тэлеканала і ў яго, верагодна, быў канфлікт на працы.