Затрымалі Уладзіміра Мартава — доктара, які шчыра казаў пра кавід
Уладзімір Мартаў / фота з прыватнага архіва В. Мартава
Стала вядома пра затрыманне віцебскага доктара Уладзіміра Мартава. Сілавікі прыехалі да яго напярэдадні на лецішча пад Лепелем. Цяпер Мартаў знаходзіцца ў Лепельскім ІЧУ. Пра гэта расказала на сваёй старонцы ў Facebook віцебская журналістка Таццяна Матвеева са спасылкай на жонку доктара Алену.
Алена спрабавала перадаць мужу лекі, якія ён пастаянна прымае. Мартаў гіпертонік. Аднак медыкаменты не ўзялі.
"Сказалі, калі раптам вашаму мужу стане дрэнна, то выклічам хуткую дапамогу", — расказала Алена.
Сёння Мартава будуць судзіць. Яму інкрымінуюць артыкул 24.23 КаАП "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў".
Да красавіка 2021 года Уладзімір Мартаў узначальваў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі віцебскай Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Год таму з ім не працягнулі кантракт. Жыхары Віцебска збіралі подпісы з просьбай не звальняць доктара, аднак іх просьба не была пачутая.
У першую хвалю COVID-19 Мартаў публічна і шчыра расказваў пра сітуацыю ў бальніцы — пра тое, што са сродкамі індывідуальнай абароны дапамагаюць пераважна валанцёры, а дзяржава пакінула медыкаў сам-насам з нявывучанай хваробай. Незадоўга да звальнення Мартаў таксама публічна расказаў пра адключэнні кіслароду ў БХМД у Віцебску, якія прывялі да сур'ёзных наступстваў для пацыентаў. Ён звяртаўся да Піневіча, але надзвычайнае здарэнне "замялі пад дыванок". А самога Мартава неўзабаве звольнілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.