Затрыманне Пратасевіча — папярэджанне Ціханоўскай?
Удзельнік каманды Святланы Ціханоўскай, блогер і фатограф Раман Пратасевіч быў затрыманы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, калі вяртаўся з Афінаў у Вільню. Каб пасадзіць самалёт у Мінску, па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі ў паветра быў падняты знішчальнік МіГ-29.
Еўрарадыё звярнула ўвагу на тое, што некалькі дзён таму з афіцыйным візітам у Грэцыі знаходзілася і сама Ціханоўская. Там Пратасевіч зрабіў некалькі яе фота. Напрыклад, тое, якое вы бачыце вышэй.
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка кажа, што тыдзень таму яна вярталася з Афінаў у Вільню такім жа рэйсам, з якога сёння знялі Рамана Пратасевіча. Тое, што адбылося з ім, выглядае як папярэджанне Ціханоўскай: маўляў, сёння ён — заўтра ты.
Сітуацыя, магчыма, паўплывае на актыўнасць палітыка. Святлана праводзіць шмат сустрэч з палітыкамі еўрапейскіх краінаў. Самалёты, якімі яна вяртаецца ў Літву, часта ляцяць над тэрыторыяй Беларусі.
Дарэчы, за некалькі дзён у Грэцыі Ціханоўская паспела вельмі шмат. Яна выступіла на Дэльфійскім эканамічным форуме і правяла сустрэчы з прэзідэнтам Грэцыі, міністрам замежных спраў, мэрам Афін, прэм'ер-міністрам Паўночнай Македоніі і былым прэзідэнтам Еўрапейскай рады Дональдам Тускам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.