Затрыманы Юрый Марозаў: "Мне апраналі пакет на галаву і душылі"
29 ліпеня ў сябе дома быў затрыманы Юрый Марозаў. У міліцэйскім пратаколе было пазначана, што яго затрымалі "ў сувязі з падазрэннем ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах, але на тэрыторыі Партызанскага РУУС аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, адмовіўшыся выйсці з машыны".
Справу Марозава разглядаў суддзя Партызанскага раёна Мінска Міхаіл Макарэвіч, пішуць праваабаронцы "Вясны".
На судзе хлопец не прызнаў сваю віну. Ён заявіў, што сілавікі не прадставіліся пры затрыманні. Ператрус у яго кватэры ладзілі восем супрацоўнікаў у цывільным, частка з іх былі ў балаклавах.
Марозаў апісаў, як яго катавалі і здзекваліся: "Мяне паставілі на калені і трымалі тварам да сцяны. Мяне перыядычна білі. Білі нагамі. Мне апраналі пакет на галаву і душылі. Мяне сілком напаілі нейкай вадкасцю з бутэлькі. Потым у кватэры правялі ператрус у прысутнасці незнаёмых мне людзей. Былі панятыя ў балаклавах, таму я не ведаю хто гэта. Правялі ператрус, пры гэтым ператрус — гэта калі ўсе твае рэчы раскідваюць па кватэры".
Мінчук расказаў, што яго прымусілі падпісаць нейкія паперы, але ён нават не разгледзеў, што падпісваў, бо яго білі.
Пра паездку ў РУУС Марозаў расказаў так: "Потым мы прайшлі ў аўтамабіль. Увесь гэты час я знаходзіўся ў кайданках, таму фізічна не мог аказваць непадпарадкаванне. Калі камеры там ёсць, то можна паглядзець, што я не супраціўляўся. Я спакойна прайшоў у РУУС. У машыне са мной былі тры супрацоўнікі".
Сведка-міліцыянт на судзе сказаў, што паліў каля РУУС і пабачыў, як Марозаў штурхнуў плячом аднаго супрацоўніка ў цывільным і паспрабаваў выбегчы на праезную частку. Дарэчы, відэакамера на будынку РУУСа на гэтую тэрыторыю не накіраваная. Таксама сведка памыліўся з часам "правапарушэння".
Нягледзячы на заяву пра катаванні, суддзя Макарэвіч прызначыў Марозаву 14 сутак арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.