Заўзятар “Кубані”: Мы прыйдзем праводзіць Ганчарэнку, якога шчыра палюбілі
Еўрарадыё паразмаўляла пра адстаўку беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі з адным з лідараў фанацкага руху краснадарскага клуба “Кубань".
Чуткі пра адстаўку беларускага спецыяліста з’явіліся вечарам 12 лістапада, афіцыйнае паведамленне аб гэтым клуб размясціў на сваім сайце роўна праз суткі. Ганчарэнку папракнулі ў зніжэнні дысцыпліны і магчымым адтоку футбалістаў. Спартыўныя журналісты адзінагалосна асуджаюць кіраўніцтва “Кубані” і нават кпяць з яго. Заўзятары на форумах заклікаюць ладзіць акцыі пратэсту ў падтрымку ўжо былога трэнера. Еўрарадыё паразмаўляла аб адстаўцы Ганчарэнкі з адным з кіраўнікоў фанацкага руху “Кубані” — Раманам Казаком.
Еўрарадыё: Чаму адбылася адстаўка Ганчарэнкі? Гэта адволі нечакана, улічваючы поспехі клуба.
Раман: Я вам скажу так, што тут шмат падводных камянёў, аб якіх мы не даведаемся. На дадзеным этапе. Чутак ходзіць вельмі шмат на конт таго, чаму менавіта зараз адбылася адстаўка.
Еўрарадыё: Якія менавіта чуткі?
Раман: І тое, што з гульцамі ён не меў агульнай мовы, і тое, што яны яго не слухалі. І тое, што Ганчарэнка — гэта такі рамантык ад футбола, а наш расійскі чэмпіянат даволі жорсткі. То бок чутак вельмі шмат. Але адказаў на іх няма. Сустрэча з кіраўніцтвам клуба ў нас будзе толькі ў нядзелю.
Еўрарадыё: Наколькі можна верыць афіцыйнай версіі звальнення Ганчарэнкі?
Раман: У агульных рысах можна. Скажу так, што заўзятарскі асяродак узбуджаны. Ганчарэнка нам палюбіўся. І за вынік, і за рамантызм. Калі ён супраць ЦСКА выходзіў гуляць з адкрытым забралам. З жаданнем перамагчы. На жаль, тады ЦСКА быў мацнейшым… (“Кубань” прайграла з лікам 0:6 — Еўрарадыё.) На самой справе цяпер вельмі цяжка нешта гаварыць. Заўзятары разгубленыя. Мы па вялікім рахунку таксама не валодаем канкрэтнай інфармацыяй, у чым справа і чаму адбылося звальненне. Магчыма, кіраўніцтва клуба мела свае важкія прычыны, а мы аб гэтым нічога не ведаем. Канкрэтныя высновы рабіць рана.
Еўрарадыё: Наколькі можна давяраць меркаванню аб тым, што ініцыятарам звальнення Віктара Ганчарэнкі стаў губернатар Краснадарскага края?
Раман: Губернатар у нас з’яўляецца прэзідэнтам клуба. Ён непасрэдна прымае рашэнні. Такое цалкам верагодна можа быць. Але зноў жа паўтаруся — да заўзятараў даходзіць вельмі мала інфармацыі. Таму не ведаю. Але гэтак цалкам можа быць. Губернатар даўно курыруе “Кубань” і тое, што яна цяпер існуе, гэта цалкам яго заслуга. Таму што ён знаходзіў спонсараў, інвестараў, дапамагаў. Безумоўна, ён вельмі заняты чалавек і не мае магчымасці пастаянна займацца толькі клубам. Зразумела, што губернатар не жадае дрэннага клубу і мае нейкія свае прычыны, магчыма, нейкую шматхадовую камбінацыю. Але аб гэтым трэба гаварыць, бо аб ёй зараз ніхто не ведае. І мы маем тое, што маем. Большасць заўзятараў ацэньвае сітуацыю па сённяшнім дні. А сёння каманда нядрэнна ідзе па ачках, ёсць гульня, ёсць перспектывы.
Еўрарадыё: За апошнія дзесяць гадоў у “Кубані” змянілася 17 галоўных трэнераў. Віктар Ганчарэнка неяк выдзяляўся на іх фоне? Як ставіліся заўзятары да яго?
Раман: Віктар Ганчарэнка стаў тым трэнерам, якога заўзятары шчыра палюбілі. Насамрэч палюбілі. Паміж намі нават нейкая простая чалавечая сувязь адбылася. І як спецыяліст, і як чалавек Ганчарэнка вельмі моцна імпануе заўзятарам. Тое, што трэнеры мяняюцца — гэта такім стаў футбол. Ён перастаў быць нечым ідэальным, шчырым, высакародным. Што любяць заўзятары. З’явіліся свае доўгія прадуманыя камбінацыі. Але Віктара Міхайлавіча насамрэч любілі. Я ведаю, што вельмі шмат заўзятараў “Кубані” пойдуць яго праводзіць. І праводзіць менавіта шчыра.
Еўрарадыё: У афіцыйным паведамленні аб адстаўцы гаворыцца, што Ганчарэнка дапусціў нізкі ўзровень дысцыпліны ў клубе. Што вы думаеце на гэты конт?
Раман: Такія чуткі хадзілі яшчэ летам. Але толькі чуткі. Я б не хацеў гаварыць, што Віктар Міхайлавіч распусціў каманду, распаясаў. Але магчыма было так, што Ганчарэнку не хапіла моцы, жорсткасці, каб цалкам падпарадкаваць футбалістаў. Футбалісты сёння разбэшчаныя, вельмі моцна разбэшчаныя. Палітыка ў расійскай лізе такая, што футбаліст — самая галоўная асоба. Ён заўсёды мае рацыю. Нават у дачыненні да заўзятараў...
Чуткі, што дысцыпліна аслабла — хадзілі. Але былі чуткі і цалкам іншага зместу. Хаця я часткова схільны верыць кіраўніцтву клуба. Гэта магло быць.
Еўрарадыё: Што будзе далей з клубам? З новым трэнерам атрымаецца ўтрымаць вынік?
Раман: Шчыра кажучы — не ведаю. Мы ўсе ўжо ў курсе, што новым трэнерам стане Леанід Кучук. Атрымаецца, альбо не… У прынцыпе Кучук моцны трэнер. Ён каманду выводзіў у Лігу Еўропы. А якімі будуць вынікі — аднаму Богу вядома... Мы будзем спадзявацца і падтрымліваць каманду нават у такіх сітуацыях.
Фота — ria.ru