Зборная Беларусі па хакею на чэмпіянаце свету ў Чэхіі (расклад гульняў)

У пятніцу, 1 траўня, у Чэхіі стартуе 79-ы чэмпіянат свету па хакею. Ён працягнецца да 17 траўня, гульні будуць праходзіць у Празе і Астраве.

Напярэдадні адлёту ў Чэхію галоўны трэнер хакейнай зборнай Беларусі Дэйв Льюіс абвясціў склад каманды на чэмпіянаце свету. У спіс увайшлі 25 хакеістаў. Аднак учора адбылася першая замена, паколькі кіраўніцтва "Нью-Ёрк Айлэндэрз" пасля медагляду вырашыла не адпускаць нападаючага Міхаіла Грабоўскага на першынство. Як інфармуе Федэрацыя хакея Беларусі, яго заменіць Яўген Кавыршын.

У выніку склад нашай зборнай выглядае наступным чынам:

Брамнікі: Кевін Лаланд (ЦСКА, Масква, КХЛ), Ігар Брыкун ("Гомель", экстраліга АЧБ), Віталь Коваль ("Салават Юлаеў", КХЛ).

Абаронцы: Іван Усенка ("Шахцёр", Салігорск, экстраліга АЧБ), Мікіта Усціненка ("Гомель", экстраліга АЧБ), Алег Гарошка, Яўген Лісавец, Ілля Шынкевіч (усе — "Дынама-Мінск", КХЛ), Мікалай Стасенка (ХК "Северсталь", Чарапавец, КХЛ), Дзмітрый Корабаў ("Атлант", КХЛ), Алег Явенка ("Адзірандак Флэймз", АХЛ).

Нападаючыя: Артур Гаўрус, Аляксандр Кулакоў, Аляксей Калюжны, Сяргей Дрозд, Андрэй Сцяпанаў, Арцём Дзямкоў (усе — "Дынама-Мінск", КХЛ), Аляксандр Кітараў (былы мінскі дынамавец), Арцём Волкаў ("Авангард", КХЛ), Андрэй Касціцын ("Сочы", КХЛ), Сяргей Касціцын ("Ак Барс", КХЛ), Сяргей Дзямагін ("Тарпеда", КХЛ), Андрэй Стась (ЦСКА, Масква, КХЛ), Аляксей Яфіменка ("Сібір", КХЛ), Яўген Кавыршын ("Северсталь", Чарапавец, КХЛ).

Самы малады беларускі хакеіст — абаронца Мікіта Усціненка, нядаўна яму споўнілася 20 гадоў. Найстарэйшы — нападаючы Аляксей Калюжны, капітан каманды, сёлета ён будзе святкаваць 38-ы дзень народзінаў. Менавіта Калюжны ўчора атрымаў пашкоджанне на трэніроўцы і не зможа згуляць са славенцамі.

Зборная Беларусі будзе гуляць у групе "В" у Астраве на CEZ Арэне, на трыбунах якой можа змясціцца 9821 глядач. Білеты каштуюць ад 7 да 63 еўра. Нашы сапернікі — Фінляндыя, Расія, Славакія, Нарвегія, Славенія і Данія.

Матчы зборнай Беларусі:

02.05 Беларусь — Славенія (17.15 па беларускім часе);

03.05 Беларусь — Славакія (17.15);

05.05 Беларусь — Данія (17.15);

07.05 Беларусь — ЗША (17.15);

09.05 Беларусь — Расія (13.15);

11.05 Беларусь — Фінляндыя (17.15);

12.05 Беларусь — Нарвегія (13.15).

Усе гэтыя паядынкі беларускія тэлеканалы пакажуць у жывым эфіры.

Матчы групы "А" пройдуць у Празе на "02-Арэне" (яе ўмяшчальнасць — 17360 чалавек). Там будуць гуляць зборныя Швецыі, Чэхіі, Канады, Швейцарыі, Латвіі, Францыі, Нямеччыны і Аўстрыі. Расклад усіх матчаў гл. тут.

Пасля заканчэння групавога раўнда ў 1/4 фіналу выходзяць па 4 лепшыя каманды з кожнай групы. Каманды, якія займуць апошнія месцы, выбываюць у першы дывізіён. У эліце іх заменяць зборныя Казахстана і Венгрыі.

Афіцыйныя талісманы чэмпіянату свету ў Чэхіі — трусы Боб і Бобек. Гэта героі папулярнага мультфільма, якія на гэты раз узялі ў рукі клюшкі і апранулі хакейную форму.

Фота: ceskatelevize.cz, hockey.by, hokejzurnal.cz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі