Журналіст Еўрарадыё атрымаў 1-ю прэмію на конкурсе “Вольнае слова” (фота)

Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла вынікі творчага конкурсу “Вольнае слова”. На цырымоніі журналісты гаварылі сур’ёзныя і несур’ёзныя рэчы пра сваю прафесію і сябе, а таксама пілі шампанскае і запускалі самалёцікі. У пяці намінацыях перамаглі адзінаццаць журналістаў, сярод іх і журналіст “Еўрапейскага радыё для Беларусі” Зміцер Панямонаў. Дыпломы і прэміі ўручалі старшыня БАЖа Жана Літвіна і журналіст Юрась Карманаў.


Жана Літвіна: “Мы выступаем, у першую чаргу, за высокія стандарты прафесійных і этычных паводзінаў у журналістыцы. Гэтым конкурсам мы галасуем за талент у журналістыцы. Думаю, там, дзе ёсць талент, няма і не можа быць месца вычварэнням – такім, напрыклад, як дазволы райвыканкамаў або псіхалагічныя сумоўі, якія цяпер будуць праходзіць нашыя будучыя калегі, якія ідуць вучыцца на журфак”.


Юрась Карманаў: “Беларусь – адна з тых краін, дзе дагэтуль не вызначаны да канца, ясна і зразумела, прынцыпы і функцыі журналістыкі. Ва ўсім цывілізаваным свеце функцыі журналістыкі – кантраляваць уладу і інфармаваць. У Беларусі працягваецца савецкая традыцыя, і журналісты – гэта прапагандысты, агітатары, піяршчыкі. З прынцыпаў якаснай журналістыкі, якая кантралюе ўладу і інфармуе, сыходзілі сябры журы. Тэксты, якія перамаглі, – прыклады якаснай журналістыкі”.



Юрась Карманаў: “Інфармацыя – гэта кроў журналістыкі. Менавіта яна найбольш робіць журналістыку цікавай. Журналістыка факта – гэта якраз прыклад працы Змітра Панямонава. У яго працы “На Плошчы Незалежнасці паклалі радыёактыўную плітку” ён зрабіў журналісцкае расследаванне. Ён першы ўзняў гэтую праблему, “раскапаў” гэтую тэму. Адзінагалосна яго прызналі лепшым у намінацыі “інфармацыйны жанр”.



Руслан Гарбачоў: “У галаве паступова размываюцца межы паміж праўдзівай інфармацыяй і інфармацыяй, якая найменш пашкодзіць тваёй рэдакцыі. Як бы не падставіць газету і не выклікаць канфліктаў… Гэта няправільна, канешне, і таму добра, што правялі гэты конкурс і зноў усім нам паставілі планку, да якой трэба цягнуцца”.



Глеб Лабадзенка: “У нас ёсць конкурсы, дзе вызначаюцца лепшыя паэты, празаікі, драматургі і г.д. А журналісты пішуць-пішуць, пішуць-пішуць… І вось калі нешта не так напішуць, тэлефануюць чытачы. Але адзнака калег-прафесіяналаў нашмат важнейшая, бо адзначаецца не на эмоцыях, а на ведах і прафесіяналізме. І вельмі класна, што з’явілася магчымасць вынесці свае працы на іх суд”.



Алена Наважылава: “Тое, што ў конкурсе “Вольнае слова” прэмію атрымаў эканамічны матэрыял – вялікая перамога беларускай эканомікі :). Гэтая дама хоць і складаная і ўнутры вельмі змястоўная, але яна не валодае той ступенню знешняй эфектнасці для чытача, як палітыка ці сацыяльная тэматыка. І мне вельмі радасна, што на старонках “Беларускіх навінаў” эканоміка надзяляецца дастатковым шармам і прастатой, каб не толькі прыцягнуць чытача, але і захапіць яго. Дадам, што тэкст быў гатовы ў дзве гадзіны ночы – праз дзве гадзіны пасля падпісання кантракта. Але рэдактары – людзі нармальныя, і яны нармальна святкуюць Новы год і выходзяць на працу 1 студзеня :). Таму тэкст з’явіўся аператыўна, але мог з’явіцца яшчэ раней”.



Валер Карбалевіч: “Дай Божа дажыць да таго часу, калі журналісты не будуць змагацца за свабоду, а будуць проста журналістамі!”



Віталь Тарас: “Хай бы гэтая прэмія стала з цягам часу нацыянальнай… Хачу сказаць, што журналістыка – гэта не прафесія. Журналістыка – гэта хобі, але хобі, якое часам займае ўсё жыццё без астачы. Мне з юнацтва было цікава збіраць інфармацыю і аналізаваць яе, пісаць пра гэта. А калі за гэта яшчэ грошы даюць, а часам і прэміі, гэта проста шчаслівыя моманты жыцця!”



Сяргей Законнікаў: “Дарагія, мне вельмі прыемна быць у гэтай сям’і. Я з усёй адказнасцю стаўлюся да сваёй сям’і літаратараў. Там таксама ў нас вельмі складаная сітуацыя, і прыходзіцца за нешта змагацца. А тут змаганне выходзіць яшчэ больш сур’ёзнае і жорсткае. Я шчаслівы, што на мае публікацыі ідуць лісты, што людзі паціхеньку прачынаюцца. І дай Бог, каб яны прачнуліся!”



“- Мама, а чаму дзядзя хістаецца?
- Таму што вецер моцны.
- А чаму мы тады не хістаемся?
- Бо мы – жанчыны.” (цытата з артыкула Алены Чэб)



Віталь Цыганкоў:
“Я так апрануўся не толькі дзеля прэміі – у мяне гадавіна вяселля сёння! Здорава, што ў нашай журналістыцы з’явіліся новыя імёны, але і старыя байцы не губляюць формы. Не ведаю, хто з іх я, але спадзяюся зноў праз год сустрэцца тут з вамі”.



Зміцер Панкавец: “Я ў журналістыцы толькі паўтара года, і вельмі прыемна атрымаць такую прэмія на пачатку сваёй працы. Канешне, мне яшчэ шмат чаму трэба вучыцца. Таму гэтую прэмію я буду разглядаць як аванс. Спадзяюся, за ёй будуць наступныя”.






Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі