Журналістаў Квіткевіч і Лаўрэцкага асудзілі на 15 сутак арышту
У Мінску працягваюць судзіць журналістаў, якія працуюць на пратэстных акцыях. 18 лістапада суд Ленінскага раёна разглядаў справу журналіста TUT.by і газеты "Новы час" Аляксандры Квіткевіч, затрыманай у панядзелак на Маршы пенсіянераў. Суддзя Анастасія Ачалава прызнала яе вінаватай у "актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве". Прысуд —15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Журналіст БелаПАН Максім Лаўрэцкі, затрыманы на той жа вулічнай акцыі, быў асуджаны на тыя ж 15 сутак. Суддзя — Таццяна Шоцік.
Таксама ў сераду стала вядома, што журналіст Ігар Карней, затрыманы 15 лістапада, асуджаны на 10 сутак арышту.
На сённяшні дзень у Беларусі за кратамі знаходзяцца два дзясяткі журналістаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.