Журы Еўрабачання: Барада – гэта не музычны ход
Нацыянальнае журы тлумачыць, чаму яно паставіла пераможцу Еўрабачання Канчыту Вурст на 23-е месца, а звычайныя беларусы-гледачы — на 4-е.
Беларусь не дала ніводнага бала пераможцу “Еўрабачання-2014”. Але, як высветлілася, выступ аўстрыйскага спевака з барадой ўсё ж вельмі ўразіў беларусаў. Па выніках глядацкага галасавання ён заняў 4-е месца. А вось сябры журы паставілі Канчыту ў самы канец спісу, на 23-е месца, і ў выніку спявачка нават не трапіла ў нашу дзясятку лепшых.
“Я лічу бараду Канчыты ўдарам пад дых, — выказвае агульную думку сяброў беларускага журы кампазітар Яўген Алейнік. — Гэта забаронены прыём. Я ўжо думаю пра тое, каб на наступны год рыхтаваць для “Еўрабачання”, напрыклад, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ці з псіхічнымі праблемамі, каб неяк прыцягнуць увагу, выклікаць шкадаванне… Гэта не музычны ход. Гэтая барада адцягнула ўвагу людзей ад музыкі і песні, якія, дарэчы, былі на даволі высокім узроўні. Каб не барада, то барацьба за першыя месцы была б больш вострай. Мая пазіцыя такая: калі нехта гатовы перамагаць у песенным конкурсе не музычнымі сродкамі, то я буду гэтаму супрацьстаяць. Нават, нягледзячы, што матэрыял мне спадабаўся”.
Яшчэ адзін сябра журы, заснавальнік школы танца “ШТАМ” Аляксандр Мяжэнны заўважае яшчэ адну прычыну занізіць бал аўстрыйскай прадстаўніцы — тэхнічны.
“Канчыта не рабіла нічога, яна стаяла ўвесь выступ на адным месцы, а ўсе характары, вобразы і думкі, якія ўзнікалі, ўзнікалі дзякуючы таму, што за яе спінай адбывалася неверагоднае светлавое, тэхнічнае шоў, — кажа Аляксандр. — Тое ж тычыцца буйных планаў, агульных планаў, іх чаргавання падчас трансляцыі… Тут тэхнічныя службы пастараліся. Але атрымліваецца, выканаўцы былі не ў роўных умовах, а для мяне гэта таксама вызначальны момант”.
Але Еўрарадыё заўважыла, што не толькі выступ Канчыты Вурст па-рознаму ацанілі беларускія гледачы і журы. Выканаўцу з Сан-Марына журы паставіла на 24-е месца, а гледачы — на 11-е. Азербайджану гледачы аддалі 19-е месца, а журы — трэцяе. Мальце журы аддало 2-е месца, а гледачы — толькі 24-е. Такія ж разыходжанні галасоў адбыліся і па выступах Швецыі, Італіі і Славеніі.
“Мы, як і журы астатніх краін, праглядалі кожны нумар вельмі рупліва, ад пачатку і да канца, не выходзячы з пакою журы, — тлумачыць такую розніцу ў ацэнках сябра журы, аўтар песень, спявачка, радыёвядучая Вольга Рыжыкава. — Гледачы, якія галасуюць, магчыма, паглядзелі першы нумар, потым пайшлі пагрэлі вячэру і аднавілі прагляд толькі на 20-м нумары. І гэта нармальна, бо, мне падаецца, ніхто не глядзіць так уважліва гэты конкурс, як журы”.
Вольга дадае, што ўплываць на вынік можа і тое, што журы глядзіць фінал за дзень да тэлевізійнай трансляцыі. А кожны выканаўца можа сёння выступіць лепш, чым заўтра, і наадварот.
Аляксандр Мяжэнны ўвогуле не бярэцца адказваць за глядацкае галасаванне. Маўляў, з журы ўсё зразумела, ёсць падпісаныя пратаколы, прастаўленыя адзнакі. А глядач можа прагаласаваць адзін раз за аднаго выканаўцу, а можа і 20. Таму пра аб’ектыўнасць размаўляць не даводзіцца.
Вынікі галасавання беларускага журы за Канчыту Вурст:
Васіль Раінчык — 24-е месца, Яўген Алейнік — 23-е, Вольга Рыжыкава — 20-е, Аляксандр Мяжэнны — 23-е, Іна Адамовіч — 22-е.