Злачыннасць сярод украінцаў у Беларусі вырасла на 30%
Але ўвогуле злачыннасць сярод замежнікаў у Беларусі складае 1,2% ад агульнай колькасці злачынстваў у краіне.
Злачыннасць сярод украінцаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, вырасла амаль на 30%. Такую лічбу назваў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.
Па яго словах, якія перадае БелаПАН, увогуле злачыннасць замежных грамадзян у Беларусі невялікая — 1,2% ад агульнай колькасці злачынстваў у краіне. Для параўнання Бягун згадаў, што ў некаторых рэгіёнах Расіі злачыннасць сярод замежнікаў дасягае 20%, а ў некаторых краінах Еўрасаюза — да 50%.
Ён дадаў, што паводзіны ўкраінскіх бежанцаў "звязаныя з іх менталітэтам, з паняццем свабоды, парадку, якія закладваліся ў іх менталітэце з-за пэўных абставінаў". Бягун кажа, што на першым этапе прыбыцця ў Беларусь украінцы спраюуюць перанесці сюды свой свет — напрыклад, п'юць піва на вуліцах.
За апошнія паўтара года ў Беларусь з-за ваеннага канфлікту ў Украіне прыбыло больш за 100 тысяч грамадзян гэтай краіны.
Фота — tut.by