Злотнікаў: Бездэфіцытны бюджэт прыняты, каб стрымаць высокую інфляцыю

Прыняты ўказам прэзідэнта Беларусі бездэфіцытны бюджэт можа быць сродкам барацьбы з інфляцыяй. Такое меркаванне выказаў эканаміст Леанід Злотнікаў. Леанід Злотнікаў: Звычайна бюджэтны дэфіцыт спараджае інфляцыю. І калі ўрады змагаюцца з інфляцыяй, яны стараюцца не дапускаць бюджэтнага дэфіцыту. Гэта звычайная сітуацыя. Мне цяжка сказаць, што яшчэ акрамя інфляцыі магло б падштурхнуць да гэтага.

На думку эксперта, падзеі апошніх дзён засведчылі, што сёлета беларусаў можа чакаць вельмі высокая інфляцыя. Пра гэта сведчаць ажыятажныя закупкі пасля абвяшчэння дэвальвацыі.

Злотнікаў: Я так здагадваюся, што ў нас могуць быць створаныя перадумовы для вельмі высокай інфляцыі сёлета — ёсць такія фактары. І апошні фактар — паскарэнне абарачэння грашовай масы. Бо насельніцтва паказала памкненне ўцячы ад беларускага рубля — купіць любы тавар, каб толькі грошы не змарнаваліся, і г.д.

Эканаміст адзначыў, што разумная бюджэтная палітыка дапускае дэфіцыт ва ўмовах крызісу. Гэта значыць, што выдаткі могуць быць большымі за прыбыткі.

Злотнікаў: Урад можа ў час пад'ёму эканомікі назапашваць нейкія рэсурсы — за кошт прафіцыту бюджэту ў перыяд пад'ёму і эканамічнага росту. І ў перыяд крызісу можа падтрымліваць развіццё эканомікі, дапускаючы бюджэтны дэфіцыт — гэта значыць, выдаткоўваючы больш рэсурсаў, чым ён у гэтым годе атрымлівае.

Па словах Злотнікава, заходнія ўрады цяпер акурат і намагаюцца падтрымаць сваю эканоміку за кошт бюджэтнага дэфіцыту — каб павялічыць попыт на сваю прадукцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі