Зноў затрыманы ўдзельнік гомельскай "банды Марозава" Аляксандр Кушняроў

Аляксандр Кушняроў​ / lenta.ru
Аляксандр Кушняроў​ / lenta.ru

МУС Беларусі паведаміла пра затрыманне 56-гадовага Аляксандра Кушнярова — "злодзея ў законе" і ў мінулым — аднаго з удзельнікаў гомельскай "банды Марозава". Гэтым разам яго падазраюць у арганізацыі падвойнага забойства.

"Вызначана, што летась фігурант паспрабаваў арганізаваць "заказное" забойства так званага крымінальнага аўтарытэта і ўплывовага бізнесмена", — расказалі ў прэс-службе сілавога ведамства. Паводле іх звестак, Кушняроў ужо знайшоў пасярэдніка і выканаўцу злачынства, а таксама паспеў купіць рэвальвер з патронамі і перадаць яго змоўшчыкам. 

Супрацоўнікі беларускага ГУБАЗіК выйшлі на Кушнярова ва ўзаемадзеянні з расійскам МУСам. А затрымалі яго ў супрацы са спецпадраздзяленнем "Алмаз". Затрыманыя і саўдзельнікі.  Усе яны зрабіліся фігурантамі крымінальных справаў за падрыхтоўку да забойства па найме дзвюх асобаў, а таксама за незаконны абарот зброі і боепрыпасаў.

Кушняроў — выхадзец з "марозаўскай" злачыннай групоўкі.  На рахунку гэтай АЗГ — каля двух дзясяткаў забойстваў, сотні іншых цяжкіх злачынстваў. Лідараў банды — Сяргея Марозава, Валерыя Гарбатага і Ігара Данчанку — у нулявыя прысудзілі да расстрэлу. Кушнярова гомельскі суд прысудзіў да смяротнага пакарання яшчэ ў 1995 годзе — за падвойнае забойства. Але Вярхоўны суд краіны тады замяніў выключную меру на 15 гадоў зняволення. Выйшаўшы з турмы, Кушняроў паспрабаваў узначаліць крымінальны свет, аднак яго лідарства аспрэчвалася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі