Зрыў паставак, пажары, паломкі. Прыгоды беларускага транспарту ў Расіі

У Расіі гараць беларускія аўтобусы, якія яшчэ і пастаўляюцца са спазненнем.

У Расіі гараць беларускія аўтобусы, якія яшчэ і пастаўляюцца са спазненнем. / @rubanau_collage

Выпадкаў, калі беларускія аўтобусы загараліся проста на маршруце ў розных расійскіх гарадах ужо так шмат, што гэта выглядае, як спланаваная дыверсія. МАЗ пастаўляе аўтобусы амаль ва ўсе расійскія рэгіёны: ад Ямала да Урала. Навіны пра палаючыя аўтобусы прыходзілі з Санкт-Пецярбурга, дзе ўсё яшчэ не адмовіліся ад ідэі абнавіць транспарт МАЗамі, з Самары, Екацярынбурга…

Еўрарадыё паглядзела, як Беларусь спраўляецца з пастаўкамі грамадскага транспарту ў Расію, што кажуць расійскія чыноўнікі і нават Лукашэнка, які вымушаны быў каментаваць непрыемныя моманты. І прычым тут пагроза з боку… Кітая.

"Ва ўмовах санкцыйнага ціску"

Мы не ведаем, пра што завод і заказчык, або чыноўнікі абедзвюх краін гаварылі кулуарна, але публічна вырашылі абвінаваціць ва ўзгараннях… заходнія санкцыі! Летам 2023-га пасля двух запар пажараў віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Кірыл Палякоў зрабіў заяву.

"Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія не маюць правераных рэферэнцый. Агляд аўтобусаў, праведзены супрацоўнікамі завода ў Колпінскім парку, пацвярджае гэтую імавернасць", — патлумачыў ён. 

Тым жа летам МАЗ адрапартаваў, што дапрацаваў аўтобусы так, каб яны больш не загараліся на хаду. Аўтобусы вярнулі на маршруты — і вось гэта здарылася зноў. У канцы года аўтобусы гарэлі ў Самары, у студзені гэтага — зноў у Санкт-Пецярбургу. І гэта і ёсць знакамітая беларуская якасць, пра якую не стамляюцца пры любой нагодзе вяшчаць чыноўнікі?

"Самі вінаватыя"

Абараніць беларускага вытворцу перад расіянамі спрабаваў Аляксандр Лукашэнка, вядомы эксперт па ўсіх пытаннях. Ён проста абвінаваціў партнёраў у тым, што яны, маўляў, няправільна абслугоўвалі беларускія аўтобусы — вось яны і пачалі гарэць. І ўвогуле, не тое, каб яны гарэлі — вам падалося, гэта СМІ раздзьмулі пажар.

Зрыў паставак, пажары, паломкі. Прыгоды беларускага транспарту ў Расіі
Беларускія аўтобусы гараць у расійскіх гарадах / прэс-служба пракуратуры Санкт-Пецярбурга

“Чаму ў Піцеры гараць? Таму што нейкая прыватная кампанія, людзі, якія ніколі не бачылі аўтобусаў, узялі на сябе абслугоўванне. Што такое абслугоўванне, вы ведаеце: гэта трэба не толькі ў свой час гайку закруціць — агляд перад выездам павінен быць пастаянна. А гэтага не было. Натуральна, дзесьці уцечкі, працечкі і гэтак далей. Штосьці дзесьці задымілася, а ў СМІ адразу: “Ах, загарэлася!”, — казаў ён.

Санкт-Пецярбург тады імгненна адрэагаваў на беспадстаўныя абвінавачанні. “Пасажыраўтатранс”, кампанія, што займаецца грамадскім транспартам у Пецярбургу, заявіла, што яны — дзяржаўнае прадпрыемства, і самастойна абслугоўваюць транспарт, згодна з рэгламентам.

Беларуская стабільнасць: зноў і зноў парушаць дамовы

Акрамя пастаўкі бракаваных транспартных сродкаў, Беларусь зрывае тэрміны дамоў. Напрыклад, дзяржава брала на сябе абавязак да лістапада 2023 года адправіць у Навасібірск 120 тралейбусаў. Даехалі толькі 95. З аўралам МАЗ мае намер расправіцца да сакавіка 2024 года — і за месяц выдаць усе камплекты, якіх не хапае.

Тут трэба дадаць, што для Навасібірска беларускі вытворца вырабляе адмысловыя кузавы тралейбусаў, якія б адпавядалі суроваму клімату. То-бок зняць з лініі тралейбусы, што прызначаліся б для Беларусі, і аддаць іх расіянам, наўрад ці атрымаецца.

Ёсць пытаннечкі і па трамваях. Беларусь абяцала паставіць у Навасібірск да 10 красавіка 10 вагонаў трамвая. Час яшчэ нібыта ёсць, але не факт, што прадпрыемства паспее. Пакуль што прыбылі 6 вагонаў, і яшчэ адзін у дарозе. Новы дэдлайн — да сакавіка гэтага году.

Цікава, што ўвосень 2022-га ўлады Навасібірска казалі, што тралейбусны парк у іх зношаны на 98,8% адсоткаў. Беларускія тралейбусы мелі пакрыць недахоп на 40%. 

На беларусаў ужо не хапае цярпення

Мэр Екацярынбурга Аляксей Арлоў скардзіўся на “Белкамунмаш”. Горад чакаў тралейбусаў у якасці падарунка да Новага года — і не дачакаўся. І тут Беларусь сарвала тэрміны ўжо другі раз. Першае парушэнне ў пачатку 2023-га спісалі на санкцыі — нібыта “Белкамунмаш” не атрымаў імпартныя камплектавальнікі. У чым справа цяпер?

Зрыў паставак, пажары, паломкі. Прыгоды беларускага транспарту ў Расіі
Беларускія тралейбусы ў Навасібірску / прэс-служба мэрыі Навасібірска

Мэр звяртаўся нават да міністра прамысловасці Беларусі, каб той наказаў “Белкамунмашу” працаваць у тры змены, раз яны не спраўляюцца. 

Такая самая сітуацыя і ў Самары. Улады пагражаюць увогуле разарваць кантракт з Беларуссю, не дачакаўшыся ад “Белкамунмаша” 12 трамваяў. Якія да таго ж яшчэ гараць і ламаюцца.

— Беларускія пастаўшчыкі нас моцна падвялі, сарвалі ўсе тэрміны па пастаўцы 12 вагонаў. Зараз пастаўлена толькі дзевяць вагонаў, з іх адзін згарэў і яшчэ ў аднаго лопнула рама. На шчасце, абодва выпадкі пападаюць пад гарантыю. Акрамя таго, у шматлікіх атрыманых з Беларусі вагонаў не працуе праграмнае забеспячэнне. І ўсё з-за таго, што там устаноўленае санкцыйнае забеспячэнне. Мы выстаўляем штрафы беларусам і разглядаем пытанне аб разрыве з гэтым пастаўшчыком кантракту на карысць іншага вытворцы, — так на пасяджэнні гарадскога савета Самары казаў чыноўнік ад транспарту.

Расія чакае беларускія машыны не толькі таму, што ў іх мегаполісах засталіся адныя развалюхі. Закупкі часцей за ўсё ажыццяўляюцца на субсідыі, якія рэгіёнам выдзяляе Масква. Калі грошы не засвоеныя ў належны тэрмін, іх трэба будзе вярнуць. І паўстае пытанне: як потым плаціць за тралейбусы, што прыйшлі са спазненнем? 

Складаецца ўражанне, што беларускія вытворцы настолькі паспяховыя, што могуць сабе дазволіць не клапаціцца пра то, каб найхутчэй атрымаць грошы на свой рахунак.

Рынак можа перахапіць Кітай

Што цікава, у той час, як Беларусь яўна не спраўляецца з замовамі, што ўжо набрала, яна працягвае прыгожа рапартаваць пра “супрацоўніцтва і ўмацаванне сувязяў” з расійскімі рэгіёнамі — і падпісваць новыя дамовы. 

Невядома, па якой прычыне беларускія вытворцы зрываюць тэрміны паставак, але выглядае гэта як: “Вы ўсё адно без нас праблему абнаўлення транспарта не вырашыце, таму будзеце чакаць, колькі трэба”. І такая саманадзейнасць можа дорага каштаваць.

Калі беларусы не рэабілітуюцца і не пераканаюць Расію ў сваёй надзейнасці і канкурэнтаздольнасці, то сяброўства і наладжванне сувязяў хутка пойдзе кату пад хвост. Бо “Белкамунмаш” і МТЗ рызыкуюць прайграць Кітаю. 

Тым больш, што па некаторых параметрах кітайцы ўжо цяпер абганяюць беларусаў: яны вырабляюць танны і сучасны транспарт. Напрыклад, турыстычныя аўтобусы, прыстасаваныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і электробусы. Да таго ж кітайцы вельмі актыўна вядуць эканамічную экспансію і рэкламуюць сябе на розных выставах.

Ленінградская вобласць у канцы мінулага года ўжо праводзіла перамовы з прадстаўнікамі кітайскай кампаніі Yutong, і нават папярэдне дамовіліся пра 450 адзінак транспарту сярэдняга і вялікага класа для маламабільных катэгорый пасажыраў. Закупку плануюць да 2025 года.

Акрамя гэтага ў Расіі ёсць свая вытворчасць транспарту. Тут беларусы таксама задзейнічаныя, але хто ведае, ці не пераарыентуецца Расія на Кітай і тут? 

МАЗ пастаўляе ў Расію дэталі і механізмы для вырабу трамваяў і тралейбусаў. Напрыклад, у 2023-м на Уфімскі завод МАЗ паставіў 120 камплектаў для тралейбусаў. З іх збяруць машыны, што выйдуць на лінію ў Навасібірску. 

Беларуска-расійская вытворчасць трамваяў ёсць і ў Ніжнім Ноўгарадзе. Да 2024 года тут планавалі выпусціць 176 вагонаў, якія б ездзілі як у Беларусі, так і ў Расіі. Ці ўдалося выканаць гэты план — зноў адкрытае пытанне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі