Зянон Пазняк заявіў пра магчымыя правакацыі 25 сакавіка
Зянон Пазняк заявіў, што ад яго імя з фэйкавай старонкі ў сацыяльных сетках заклікаюць прыходзіць на плошчу 25 сакавіка. Пазняк лічыць, што яго імем карыстаюцца, каб прыцягнуць людзей на плошчу.
"Гэта безомоўна правакацыя, зробленая невядома кім. Відавочна, на плошчы плануецца нейкая правакацыя. Хацеў бы папярэдзіць нашых беларусаў, каб былі вельмі асцярожныя. Таму што людзі, якія плануююць гэты збор на плошчы 25 сакавіка, гэтыя людзі пастаянна займаліся правакацыямі. І апошняя самая страшная правакацыя была ў 2010 годзе, калі моцна збілі людзей, 700 чалавек пасадзілі за краты і разграмілі ўсю нашу супольнасць. Гэта зрабілі тыя самыя людзі, якія зараз клічуць на плошчу", — падкрэсліў Зянон Пазняк у відэазвароце.
Ён папярэджвае, каб людзі, якія прыйдуць на плошчу, не паддаваліся на заклікі нешта граміць ці ставіць намёты. На яго думку, яшчэ не прыйшоў для гэтага час. Бо людзі, якія выходзяць на пратэсты, не арганізаваныя, і яны выходзяць, каб выказаць свае пачуцці, бо іх зняважылі дэкрэтам №3. Калі ж будзе нейкая правакацыя, то ўлады атрымаюць магчымасць разграміць гэты рух на самым пачатку і ён знікне.
Пазняк прапанаваў гуртавацца ў суполкі на прадпрыемствах і потым выходзіць з прапановай адмяніць дэкрэт №3 і адправіць у адстаўку галоўных дармаедаў.
"Наша краіна дастойна, каб стаць вольнай і шчаслівай, бо мы маем добры і працавіты народ", — заявіў Пазняк.