Дэкрэт "аб дармаедах" дэпутаты абмеркавалі і прынялі за 22 хвіліны
100 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі ў падтрымку прэзідэнцкага дэкрэта, 2 — супраць.
У сераду, 6 траўня, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў абмяркоўвалі дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. З дакладам па дэкрэце выступала міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.
У сваім выступе міністр звярнула ўвагу на “канстытуцыйнасць” гэтага дэкрэта — на канстытуцыйны “абавязак грамадзян браць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў шляхам выплаты падаткаў”. Адначасова Шчоткіна запэўніла дэпутатаў, што “галоўны сэнс дэкрэта — гэта нават не ўдзел у фінансаванні дзяржвыдаткаў, а легалізацыя працоўнай дзейнасці”. Дэпутаты цікавіліся, ці будуць плаціць 20 базавых велічынь “збору за дармаедства” грамадзяне Беларусі, якія жывуць за мяжой, што плануе рабіць Мінпрацы, каб усе “дармаеды” маглі ўладкавацца — асабліва ў сельскай мясцовасці, ці ўлічваўся пры напісанні гэтага дэкрэта досвед іншых краін і г.д.
Агулам даклад Шчоткінай, пытанні дэпутатаў і адказы міністра занялі 28 хвілін 36 секундаў. У выніку, пераважнай большасцю галасоў дэкрэт ухвалілі. Што праўда, прадугледжаны маніторынг зваротаў грамадзян па рэалізацыі дэкрэта. Усе прапановы наконт яго можна падаць да канца гэтага года.
Нагадаем, 2 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" (так званы "дэкрэт аб дармаедах"). Адзначаецца, што дакумент закліканы стымуляваць удзел працаздольных беларусаў у працоўнай дзейнасці, у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Грамадзяне Беларусі і замежнікі, якія стала жывуць у нашай краіне, але не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, а калі ўдзельнічаюць, то менш за 183 каляндарныя дні на год, мусяць заплаціць не пазней за 15 лістапада збор — 20 базавых велічынь (3 млн 600 тысяч рублёў).
Фота: Змітра Лукашука