4 студзеня ў Эканамічным судзе Мінска будуць зачыняць выдавецтва "Янушкевіч"
Выдавец Андрэй Янушкевіч / Еўрарадыё
4 студзеня ў Эканамічным судзе горада Мінска адбудзецца судовае пасяджэнне па спыненні дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Янушкевіча. Пазоўнікам выступае Міністэрства фінансаў. Гэты суд азначае закрыццё прыватнага выдавецтва "Янушкевіч", напісаў выдавец у сацсетках.
"Мы не зможам нават фармальна выдаваць і адгружаць кнігі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Мы даўно чакалі такога абароту падзей, але не ведаем дакладна, чаму гэта робіцца зараз і менавіта ў такой форме", — кажа Янушкевіч.
Сёлета выдавецтва "Янушкевіч" спярша выселілі з офіса. Потым сілавікі разграмілі новаадкрытую кнігарню "Кнігаўка", якая паспела адпрацаваць толькі 7,5 гадзіны, і затрымалі Андрэя Янушкевіча і Насту Карнацкую. Яны прабылі пад адміністрацыйным арыштам амаль месяц. Увосень быў арыштаваны супрацоўнік выдавецтва Сяргей Макарэвіч. Тры выданні выдавецтва былі прызнаныя "экстрэмісцкімі".
Тым не менш за 2022 год выдавецтва "Янушкевіч" паспела выпусціць 17 кніг, у тым ліку сем перавыданняў ранейшых бестселераў.
"Планы, зразумела, не выкананыя, мы хацелі выдаць блізу 40 кніг, у тым ліку новыя кніга пра Гары Потэра, Ведзьмара, Гаспадара Ледзянога Саду. Свой адбітак на нашу дзейнасць наклала вайна ва Украіне — праваўладальнікі пачалі адварочвацца, бо мы паходзім з "краіны-агрэсара", — прызнаецца Янушкевіч.
Цяпер ён займаецца адкрыццём выдавецтва ў Польшчы і плануе выдаваць беларускія кнігі там.
Сёлета ў Беларусі асабліва ўзмацніўся ціск на недзяржаўныя выдавецтвы, якія выдавалі кнігі па-беларуску. У выніку выдавецтва "Галіяфы" зачынілася, у сталыі ліквідацыі знаходзіцца выдавеціва "Лімарыус". Выдавецтву "Кнігазбор" ужо другі раз за год прыпынілі ліцэнзію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.