40-гадовы беларус загінуў у Луганскай вобласці Украіны, ваюючы на баку Расіі
Васіль Скавароднікаў
У траўні падчас баёў у Луганскай вобласці загінуў 40-гадовы беларус Васіль Скавароднікаў. Пра гэта, як заўважыла "Медыязона", напісаў у сацсетках кіраўнік Бярозаўскай гарадской акругі (Свярдлоўская вобласць) Яўген Пісцоў.
Паводле Пісцова, Скавароднікаў нарадзіўся ў Арменіі, а рос у Беларусі. Пасля школы і арміі працаваў майстрам па рамонце кватэр.
Як паведамілі "Медыязоне" ў Belpol, прапісаны мужчына быў у вёсцы Каменка Крупскага раёна. У 2005 годзе яго судзілі за рабаванне і прызначылі тры гады калоніі з адтэрміноўкай на два гады.
У Бярозаўскім у Скавароднікава жылі сваякі, ён да іх часта ездзіў. Як заяўляе Пісцоў, беларус "вельмі асабіста ўспрыняў" пачатак вайны і "не змог заставацца ўбаку".
Сёлета 13 лютага Скавароднікаў атрымаў расійскі пашпарт і праз тры дні пайшоў на фронт. Чыноўнік заяўляе, што на вайне беларус быў двойчы паранены, а ў красавіку атрымаў медаль "За адвагу".
Пахавалі мужчыну 20 верасня ў Бярозаўскім Свярдлоўскай вобласці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.