ААН заклікае дасылаць інфармацыю пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі
Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека мае патрэбу ў атрыманні інфармацыі, якая тычыцца меркаваных парушэнняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года. Уключна з магчымымі гендарнымі аспектамі такіх парушэнняў.
Таму ААН заклікае асобаў, групы і арганізацыі да 15 лістапада 2021 года дасылаць у сакратарыят УВКПЧ звесткі пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Для гэтага прапануецца выкарыстоўваць вось такі шаблон.
У арганізацыі абавязваюцца не раскрываць асобу інфарматара, выкарыстоўваць перададзеныя звесткі толькі з дазволу і ўвогуле кіравацца прынцыпам "не нашкодзь". Гэта значыць, рабіць захады, каб жыццё, свабода і дабрабыт ахвяраў, сведак і іншых асобаў, якія супрацоўнічаюць з Упраўленнем вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, не апынуліся ў небяспецы.
Калі ў вас узнікнуць якія-небудзь пытанні, звяртайцеся ў сакратарыят па электронным адрасе [email protected].
25 лютага вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет заявіла, што падзеі, якія адбыліся ў Беларусі летам — восенню 2020-га прывялі да "крызісу беспрэцэдэнтных маштабаў у галіне правоў чалавека". Яны "зрабілі больш бачнымі шматгадовыя сістэматычныя парушэнні і беспакаранасць", — дадала вярхоўны камісар. Даклад Бачэлет раней быў апублікаваны на сайце Савета па правах чалавека ААН. У ім змешчаны матэрыялы, якія ахопліваюць травень — снежань 2020 года.
Прадстаўнік Беларусі ў ААН Юрый Амбразевіч заявіў, што ў дакладзе няма аб'ектыўнай карціны, бо ў Мінску, па яго звестках, пратэстуе "максімум 200 чалавек". Амбразевіч назваў разгляд даклада ўмяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.