Абаронцу БАТЭ могуць прызнаць найлепшым футбалістам Латвіі
Латвійская федэрацыя футбола апублікавала спіс з чатырох кандыдатаў на званне лепшага футбаліста краіны-2015. У ліку прэтэндэнтаў — абаронца БАТЭ Каспар Дубра, як паведамляе сайт барысаўскага клуба.
Канкурэнцыю яму складаюць абаронца Каспар Горкш ("Дукла", Прага, Чэхія), хаўбек Дзяніс Ракель ("Краковія", Польшча) і брамнік Андрыс Ваніньш ("Сьён", Швейцарыя).
Імя пераможцы будзе названае на працягу бліжэйшых тыдняў. У вызначэнні найлепшага футбаліста ўдзельнічаюць трэнеры з Латвійскай федэрацыі футбола, а таксама рулявыя і капітаны камандаў вышэйшай і першай ліг нацыянальнага чэмпіянату.
Найлепшага футбаліста Латвіі-2015 назавуць 18 снежня ў Рызе на ўрачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў сезону.
Фота: by.tribuna.com