Аб’яўлены намінанты на “Оскар”
23 студзеня ў Лос-Анджэлесе былі аб’яўлены намінанты на прэмію “Оскар”, якая ўручаецца ў 24 катэгорыях. У катэгорыі “лепшы фільм года” налічваецца 9 карцін: “Цёмныя часы”, “Форма вады”, “Дзюнкерк”, “Называй мяне сваім імем”, “Прэч”, “Лэдзі Берд”, “Прывідная нітка”, “Сакрэтнае дасье”, “Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры”. Згаданы фільм рэжысёра Гільерма дэль Тора “Форма вады” прадстаўлены ў 13 катэгорыях, у тым ліку і “лепшы рэжысёр”. У ёй таксама прысутнічаюць Грэта Гервіг (“Лэдзі Берд”), Джордан Піл (“Прэч”), Крыстафер Нолан (“Дзюнкерк”) і Пол Томас Андэрсан (“Прывідная нітка”).
На лепшую мужчынскую ролю прэтэндуюць Гэры Олдман (“Цёмныя часы”), Дэнзел Вашынгтон (“Раман Ізраэл, Esq”), Дэніэл Дэй-Льюіс (“Прывідная нітка”), Дэніэл Калуя (“Прэч”) і Цімаці Шаламе (“Называй мяне сваім імем”). Прэтэндэнткі на лепшую жаночую ролю наступныя: Марго Робі (“Тоня супраць усіх”), Мэрыл Стрып (“Сакрэтнае дасье”), Салі Хокінс (“Форма вады”), Сірша Ронан (“Лэдзі Берд”), Фрэнсіс Макдормэнд (“Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры”).
Сярод намінантаў у катэгорыі “лепшы фільм на замежнай мове” ёсць карціна “Нелюбоў” расійскага рэжысёра Андрэя Звягінцава.
Больш падрабязна пра намінантаў гл. тут.
Цырымонія ўручэння прэміі “Оскар” пройдзе 4 сакавіка.