Ад грыпу AH1N1 у Беларусі ніхто не памёр

Але зафіксавана 4 выпадкі смерці ад пнеўманіі, якая можа быць выкліканая грыпам
У Беларусі на грып AH1N1 захварэла 38 чалавек, 35 з іх ужо выпісаныя з лякарняў. Але, як паведаміў на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра аховы здароўя Роберт Часнойць, лічба хворых можа павялічыцца.

"На ўчорашні дзень у нас зарэгістравана 38 выпадкаў грыпу АH1N1, з іх 35 выпісана з поўнай папраўкай. Трое яшчэ знаходзяцца на лячэнні. Магчыма, да зыходу сённяшняга дня за кошт лабараторных даследаванняў гэтая лічба можа змяніцца ў бок павелічэння. Бо пад даследаваннем знаходзіцца група нашых гасцей. Абсалютная большасць выпадкаў грыпу — гэта прывазны, і вельмі шмат замежнікаў".

Намеснік міністра кажа, што большасць выпадкаў грыпу ў Беларусі "імпартныя", але як стала вядома Еўрарадыё, нашая краіна і "экспартуе" хваробу: расійскія дзеці заразіліся ў Магілёве.

Група з 18 чалавек Смаленскай дзіцяча-юнацкай спартовай школы алімпійскага рэзерва ўдзельнічала у VIII Міжнародным турніры па футболе сярод юнацкіх камандаў на прызы алімпійскага чэмпіёна Сяргея Гарлуковіча ў Магілёве.

Калі яны вярнуліся ў Смаленск, 6 дзяцей і адзін з дарослых суправаджальнікаў былі хворыя на вострую вірусную інфекцыю. У траіх з іх лабараторна пацвердзілі "свіны грып".

"З гэтай групы ў траіх лабараторна пацверджаны дыягназ грыпу, выкліканага вірусам АH1N1 09", — паведаміла Еўрарадыё начальнік аддзела эпідэміялагічнага нагляду Ўпраўлення Расспажыўнагляду па Смаленскай вобласці Галіна Круціліна.

Група ўдзельнічала ў спаборніцтвах з 19 па 22 кастрычніка. Першы захварэў 26-га кастрычніка на чацвёрты дзень пасля вяртання з Магілёва. Інкубацыйны перыяд грыпу АH1N1 максімум 7 дзён, кажа Галіна Круціліна.

"Усё ўкладаецца ў інкубацыйны перыяд. З поўнай упэўненасцю казаць нельга, але, судзячы па развіцці сітуацыі, хутчэй за ўсё яны захварэлі ў Магілёве. Таму што яны там разам былі і разам захварэлі".

Удзельнічалі ў спаборніцтвах 8 каманд з Беларусі, Расіі, Літвы і Польшчы.

Еўрарадыё звязалася з дзяржаўным трэнерам па футболе Вадзімам Брэжазінскім, які пра "свіны грып" не ведаў, але ўзгадаў, што шмат захварэла дзяцей з Літвы, і адразу абтэлефанаваў усе каманды.

"Ва ўсіх, каго я абтэлефанаваў, ніякіх сімптомаў няма. У нас зваротаў не было. Яны хварэлі, але вірус АH1N1 не пацвердзіўся. Там ў кагосьці з Мінску бранхіт быў. Але людзі ўжо на папраўку пайшлі. Я папярэдзіў усіх. Мы яшчэ будзем адсочваць сітуацыю. Я звязваўся з прадстаўніком літоўскай каманды, ён сказаў, што ў іх усе здаровыя ўжо. Дзякуй за інфармацыю".

З беларускіх камандаў удзельнічалі юнацкія клубы Мінска, Гомеля, Магілёва і Барысава. Але пакуль дзеці на вакацыях, таму яшчэ не вядома, хто з іх мог захварэць.

Паводле слоў намесніка міністра аховы здароўя Беларусі, смерцяў ад “свінога грыпу” ў нашай краіне няма — ёсць толькі ад пнеўманіі: 4 выпадкі за апошнія два тыдні. 

Роберт Часнойць: "Хачу падкрэсліць і запэўніць усіх, што смерці ад грыпу няма ў Рэспубліцы Беларусь. Але былі, ёсць і мы сёння назіраем у параўнанні з мінулым годам колькасць смяротных вынікаў ад пнеўманіі, вострай пнеўманіі".

Але ва Ўкраіне пнеўманію як раз і выклікае вірус грыпу AH1N1. Там збіраюцца абвясціць карантын. На 30 кастрычніка колькасць хворых складае больш за 81 тысячу чалавек. Сярод іх 33,5 тысячы дзяцей. Шпіталізавалі 2341 чалавек. На сёння зарэгістравана 33 смяротныя выпадкі. У асноўным гэта Цярнопальская, Івана-Франкоўская, Львоўская і Чарнавецкая вобласці. Але вірус хутка распаўсюджваецца. Асаблівасці — вокамгненнае праходжанне захворвання на нетыповую пнеўманію, якое дрэнна паддаецца лячэнню. 

Кажа намеснік галоўнага ўрача Ровенскай абласной клінічнай бальніцы Мікола Таміцкі:

“Працякае як звычайны грып. Але ў некаторых выпадках працяканне можа быць злаякасным і скончыцца ў рэанімацыі. Усё каля Роўна: Франкоўск, Львоў, Цернопаль".

У Цярнопалі з 22 хворых у 11 выпадках пацверджаны грып тыпу А, з іх 7 выпадкаў — грып AH1N1. У Львове з 8-мі хворых 4 хварэлі на вірус AH1N1.

Роберт Часнойць кажа, што грып можа правакаваць пнеўманію, бранхіты, ці іншыя рэспіраторныя захворванні. Калі грып ужо вылечылі, слабее імунітэт і ёсць верагоднасць захварэць на пнеўманію.

"Часцей за ўсё пнеўманія і вострыя рэспіраторныя захворванні правакуюць бранхіты і іншыя эндакрынныя захворванні. Асабліва важна, што ў людзей, якія сёння ходзяць абсалютна здаровыя, але ў якіх ёсць утоены імунадэфіцытны стан, у перыяд ВРЗ ВРВІ выяўляецца, імунітэт падае. Мы ўсё ведаем, што яно праходзіць, імунітэт слабее і ўзнікае другасная інфекцыя, пнеўманія."

Тым часам Еўрарадыё стала вядома, што ў Мінску некаторыя дактары не рэгіструюць выпадкі "свінога грыпу", нават калі ён пацверджаны лабараторна. Хворым кажуць, што ў іх AH1N1, але ў картку запісваюць проста грып. Нагадаем, што пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС беларускім медыкам было забаронена звязваць хваробы з павышанай радыяцыяй. 

Роберт Часнойць абверг паведамленні ў інтэрнэце пра эпідэмію "свінога грыпу" ў Мінску. Дарэчы, сімптомы захворвання на "свіны грып" практычна не адрозніваюцца ад звычайнага грыпу.

У міністэрствах аховы здароўя Расіі і Ўкраіны паведамілі, што ад грыпу дапамагаюць лекі "Амізон" і "Арбідол" разам з "Кагацэлам".

Супрацоўніца прэс-службы Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны: “Супраць грыпу можа дапамагчы "Амізон", "Арбідол". Але гэтыя прэпараты не даюць 100% эфектыўнасці ад захворвання на грып. Яны стымулююць выпрацоўку інтэрферона, які змагаецца з вірусам. А непасрэдна такіх лекаў, якія б нейтралізавалі грып, пакуль няма”.




Фота: obozrevatel.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі