Адам Глобус: Я зняў бы акуляры з твару Фядуты!
Пісьменнік, выдавец і мастак распавёў Еўрарадыё, чаму варта заўсёды мець пры сабе рэвальвер ды як навучыцца гаварыць праўду.
Еўрарадыё: 120131-Globus.mp3
Адам Глобус: Калі цэнзурна, то мая кампанія называецца “Не трэба падманваць”. “Гавары праўду” — гэта маленькі фрагмент. Мне здаецца, што чалавецтва патанае ў татальнай хлусні. Мая кампанія самая цяжкая для супрацоўнікаў радыё, таму што яны павінны ўвесь час гаварыць. А казаць і не хлусіць — гэта даволі цяжка. Таму што, каб навучыцца гаварыць, трэба навучыцца хлусіць. А каб навучыцца хлусіць, трэба навучыцца гаварыць. Гэта сафізм, але ён характэрны для нашага часу. А я лічу, што хлусіць не трэба. І калі бачыш, што нехта хлусіць, то трэба не саромецца, а падыходзіць і казаць пра гэта. Не трэба падманваць.
Еўрарадыё: Адзін з лідэраў кампаніі "Гавары праўду", вядомы пушкініст Аляксандр Фядута, сёння ўдарыў аднаго з экс-кандыдатаў у прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, назваўшы яго "падлеткам". Як вы лічыце, што здарылася?
Адам Глобус: Справа ў тым, што ёсць пэўнае напружанне. Канешне, Фядута ўсё жыццё ілгаў, я ніколі не чуў ад яго слова праўды, ён усіх падманваў, "разводзіў". Ён зразумеў, што яму ніхто не верыць, і кідаецца біцца на людзей, прытым паважаных людзей. Я асабіста падтрымліваў на выбарах Рымашэўскага. Мне вельмі непрыемна гэта было пачуць. Я здзіўлены. Калі б ён палез да мяне, я б яму акуляры зняў з твару.
Еўрарадыё: А калі глыбей паглядзець, як вы ацэньваеце тое, што адбылося?
Адам Глобус: Гэта адчайны жэст. Калі чалавек займаецца словам, як ён сябе дэклараваў раней, значыць не атрымліваецца ў яго пісаць кніжкі, раз ён кідаецца біцца, прытым на чалавека маладзейшага і больш перспектыўнага на тым полі, дзе ён спрабуе гуляць.
Еўрарадыё: Ці можна перанесці гэты інцыдэнт на мастацтва? Якія асацыяцыі з мастацкімі творамі ў вас узнікаюць?
Адам Глобус: Я заўсёды любіў тых пісьменнікаў і мастакоў, якія хадзілі з рэвальверамі. Мне заўсёды падабаліся, напрыклад, анархісты, Казімір Малевіч. Я любіў Сікейраса, які замахваўся на Троцкага... Таму я заўсёды падтрымліваю экстрэмальныя варыянты.
Еўрарадыё: Атрымліваецца Віталю Рымашэўскаму трэба хадзіць з рэвальверам, хаця б з цацачным?
Адам Глобус: Трэба займацца спортам. І калі сутыкаешся з такім, трэба даць назад. Я лічу, што калі гэта не проста піяр, а сапраўды такое было, то трэба або ў суд падаць, або, калі не верыш у суды, то проста злавіць у пад’ездзе і разабрацца.
Фота — arche.by