Адам Глобус: Парнаграфія – справа рук цэнзараў
Скандальны мастак і літаратар Адам Глобус адрэагаваў на цэнзуру ў Фэйсбуку.
Практыка выдалення са старонак Фэйсбуку рэпрадукцыяў твораў мастацтва, якія адміністрацыя сацыяльнай сеткі лічыць непрыстойнымі, сустрэла актыўнае супраціўленне мастакоў. Група «Мастакі супраць цэнзуры» з кожным днём набірае ўсё больш удзельнікаў.
Еўрарадыё: Ці сустракаліся вы з такой цэнзурай на Фэйсбуку?
Глобус: Я за жыццё сустракаўся з рознай цэнзурай, столькі разоў, што павінен быў бы ўжо прызвычаецца да цэнзараў, але выявілася такая новая каста мандэратараў… Хочацца пра іх мацюкамі адразу. Таму што гэта проста не людзі. Яны паводзяць сябе нібы богі. І яны вырашаюць. А хто яны такія? Мастакі – гэта самая вольная прафесія ў свеце. І яны будуць першымі, хто зрэагуе, і першыя, хто давядзе, што мандэратары і ўся гэтая свалата – не людзі.
Еўрарадыё: А вы самі збіраецеся ці можа ўжо ўступілі ў группу «Мастакі супраць цэнзуры»?
Глобус: Я не буду ўступаць. Я буду змагацца адзін. Таму што групы, я лічу, правакуюць. З групамі лягчэй разабрацца: з прафсаюзамі, з войскам. Цэнзары прывыклі змагацца з войскам. А вось з індывідуумам, з адным чалавекам ім зусім цяжка. Я ні з кім не буду дамаўляцца, як гэта рабіць, як змагацца, і таму цэнзары прайграюць.
Еўрарадыё: А як вы будзеце змагацца? Будзеце ствараць больш карцінаў з голымі жанчынамі?
Глобус: Чаму з голымі? Я лічу, што людзям трэба абрэзаць усе чэлесы… У свой час у Сіксцінскай капэле Мікеланджэла цэнзары зрабілі 72 праўкі. То ім чэлес не такі быў – фігавымі лісткамі замазвалі. То цыцкі не такія… Ну мы таксама ім усе чэлесы паабразаем, на ўсе цыцкі павесім станікі. Будзем змагацца так, што яны да нас і не падбяруцца, і будзе гадка ўсім.
Еўрарадыё: Цэнзары робяць на інтымных месцах такія чорныя квадрацікі. Ад гэтага не агідна становіцца мастаку?
Глобус: Агідна, канечне. Таму што яны і робяць з эротыкі парнаграфію. Яны ж твор мастацтва стварыць не могуць. Яны могуць яго толькі сапсаваць.
Еўрарадыё: Вы лічыце, эротыка выратуе свет?
Глобус: Без яе проста дзяцей не бывае. Нават калі мы пачнем абразаць гэта ўсё, дзеці ўсё роўна перамогуць. І свет будуецца на тым, што… Ну, вы ведаеце, на чым стаіць свет. На тым, што ён стаіць.
Еўрарадыё: Асабіста вам жанчыны якіх формаў падабаюцца? Бо вашая жонка – стройненькая, а вашыя натуршчыцы – пышных формаў.
Глобус: Я лічу, што няма такой жанчыны, якую нельга было б добра намаляваць. Мне падабаюцца розныя. Ну, ўсе падабаюцца. І наогул мне жанчыны падабаюцца больш чым мужчыны, значна больш.