АДС прымуць рашэнне аб далейшым удзеле ў выбарах 21 верасня

У Мінску 31 жніўня прайшло пашыранае пасяджэнне Палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў. У выніку дыскусіі вырашана, што пытанне аб далейшым удзеле дэмакратычных кандыдатаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў будзе прынятае 21 верасня. Нагадаем, Партыя БНФ, якая прыняла рашэнне здымаць сваіх кандыдатаў за пяць дзён да выбараў, заклікала да гэтага і АДС.  Як паведаміў Еўрарадыё лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, рашэнне было прынятае "падаўляючай большасцю". Напрыклад, з 51 прысутнага кандыдата ў дэпутаты толькі 8 чалавек выказаліся за тое, каб падтрымаць прапанову Партыі БНФ.

Пра тое, якія цяпер стаяць задачы перад дэмакратычнымі кандыдатамі, распавядае Анатоль Лябедзька:

"Данесці пасланне беларускім уладам - верагоднасць зняцця калі не ўсіх, дык большасці кандыдатаў з адзінага спісу застаецца вельмі вялікай. Пасланне міжнародным структурам - мы за дыялог з уладамі, але супраць таго, каб гандляваць прынцыпамі, каштоўнасцямі і палітычнымі вязнямі".

Таксама кандыдаты мусяць данесці да якмага большай колькасці людзей рашэнне АДС аб тым, што выбары не могуць быць прызнаныя справядлівымі і легітымнымі і аб неабходнасці 28-га верасня (у дзень выбараў) выходзіць на вуліцы для пратэсту. Таксама ў безальтэрнатыўных акругах людзей будуць заклікаць не ўдзельнічаць у выбарах.

Анатоль Лябедзька
адзначыў, што сёння ішла гаворка і пра будучыню АДС:

"Сёння ішла дыскусія пра тое, які лёс чакае АДС. Ці АДС будзе рабіць спробу пераўтварыцца ў рэальную, канструктыўную палітычную апазіцыю, альбо яна будзе выходзіць у нішу дысідэнцтва? Па-другое, ці ёсць сёння нейкія кропкі, дзе перасякаюцца інтарэсы ўлады і таго, хто ёй апаніруе".


Лідэр АГП лічыць, што нягледзячы на рэпрэсіі, АДС трэба шукаць гэтыя "кропкі" і нават называе іх: суверэнітэт і дэмакратызацыя Беларусі.







Фота - nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі