Адвакат: Спадзяюся, што Ўладзімір Някляеў жывы
Адвакат Тамара Сідарэнка да гэтага часу не здолела сустрэцца з Уладзімірам Някляевым, які ўжо чацвёрты дзень знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
А гэта азначае, што афіцыйныя следчыя дзеянні з ім не праводзілі. Праўда, адвакат не выключае, што аператыўнікі з ім перыядычна сустракаюцца.
Тамара Сідарэнка: “Калі прыходзяць нейкія аператыўныя супрацоўнікі і раптам выклікаюць чалавека, кажуць: “Мы з вамі хочам пагаварыць”, тады, нібыта, і адвакат не патрэбны. Але чалавек таксама мае права не гаварыць з такімі людзьмі без адваката. А калі выклікае афіцыйна следчы, па следству, то без абаронцы нельга праводзіць следчыя дзеянні. І тое, што следчы яго (Някляева — ЕРБ) не апытвае — гэта адназначна. Тым больш, што мы час ад часу яму тэлефануем, нешта ўдакладняем”.
Але і следчы не дапамог адвакату сустрэцца з Някляевым учора, 22 снежня. Па словах Тамары Сідарэнкі, нягледзячы на тое, што яны былі першымі ў чарзе адвакатаў на сустрэчу з затрыманымі, іх чарга так і “не дайшла”. Дзяжурны, кажа адвакат, увесь час адказваў, што абодва кабінеты, прызначаныя для такіх сустрэч, занятыя. Тамара Сідарэнка напісала скаргу з гэтай нагоды ў генпракурору, але ніякай рэакцыі пакуль няма.
Адвакат спадзяецца, што паведамленні пра смерць Уладзіміра Някляева ў СІЗА КДБ, якія з’явіліся ў сацыяльных сетках, не адпавядаюць рэчаіснасці.
Тамара Сідарэнка: “Я спадзяюся, што гэта няпраўда. Альбо вялікая містыфікацыя. Але перадачу прынялі апроч таго, я на імя старшыні КДБ напісала паперу, каб хаця б скаргу Някляеў мог падпісаць на адрас Выбарчай камісіі. Каб паспрыялі гэтаму, бо я да яго (Някляева — ЕРБ) не магу патрапіць. Напрыканцы дня я напісала гэтую паперу. Прымалі паперы і вялікай занепакоенасці я не бачыла. Магчыма, гэта таямніца нават для супрацоўнікаў. Можа, яны добра граюць сваю ролю. Але я спадзяюся, што гэта няпраўда”.
Сёння адвакат Уладзіміра Някляева будзе ў чарговы раз спрабаваць сустрэцца з затрыманым палітыкам. Але сёння там новая чарга і кабінеты для сустрэч ізноў занятыя. Ці атрымаецца сустрэцца — прадказаць немагчыма. Але як і ўчора, яна будзе чакаць у прыёмнай да апошняга моманту.
Як паведаміў Еўрарадыё Уладзімір Тоўсцік, адвакат жонкі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыны Халіп, 72 гадзіны, якія паводле закону затрыманы можа знаходзіцца пад вартай без прад’яўлення абвінавачвання, у Ірыны Халіп заканчваюцца сёння, 23 снежня, а 17-й гадзіне. Пакуль жа пра змены ў яе статусе яму нічога не вядома.
Уладзімір Тоўсцік: “Пакуль няма яшчэ ніякай інфармацыі, ніхто са следчых не тэлефанаваў. Мы чакаем, усе адвакаты чакаюць, калі выклічуць на допыт следчыя. Мяне яшчэ не выклікалі і ніякай інфармацыі, будзе працягнуты тэрмін альбо не — няма”.
Ці дазволяць перадаць нейкія рэчы затрыманым, калі тэрмін іх знаходжання пад вартай будзе працягнуты, Уладзімір Тоўсцік прадказаць не бярэцца. Але нагадаў, што ў Ірыны Халіп няма нават зубной шчоткі і іншых рэчаў для асабістай гігіены.
Дарэчы, пра тое, ці можна аднесці перадачу кандыдату ў прэзідэнты Алесю Міхалевічу ў СІЗА КДБ яго адвакату Алегу Агееву не паведамілі. Нагадаю, палітыку працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай да 10 сутак. Але ён, кажа адвакат, параіў жонцы палітыка Мілане сабраць неабходныя рэчы і паспрабаваць іх перадаць.
Алег Агееў: “Калі не змяніўся парадак, то панядзелак-серада-пятніца — гэта тыя дні для затрыманых. Сёння чацвер і, па-мойму, заўтра ўжо можна перадаць яму перадачу ў адпаведнасці з тым парадкам, які ёсць. Але ў іх мяняюцца гэтыя ўнутраныя інструкцыі: сёння так начальнік камандуе, заўтра — так. Можа, парадак змяніўся і яму можна ўжо сёння нешта перадаць. Можа, яны ўжо кожны дзень перадачы прымаюць”.
У той жа час адвакат параіў, як выйсці з сітуацыі, калі сёння непрыёмны дзень.
Алег Агееў: “Без абмежаванняў, прынамсі, раней прымалі пасылкі. Калі, да прыкладу, у чацвер не прымалі перадачу, то чалавек ішоў на Галоўпаштамп, афармляў пасылку і ў той жа дзень яна прыходзіла ў следчы ізалятар. Людзі так выходзілі з такой сітуацыі”.
Па словах Алега Агеева, калі ён распавёў следчаму, які вядзе справу Алеся Міхалевіча, што ў СІЗА не прымаюць пасылкі для экс-кандыдата, той вельмі дзівіўся гэтаму факту.