Актывіст: Тры ўкраінскія брыгады больш за 20 дзён заблакаваныя баевікамі
Украінскія вайскоўцы 24-й, 72-й і 79-й брыгадаў ужо больш за 20 дзён застаюцца ў блакадзе і просяць камандаванне прыняць рашэнне па іх вызваленні.
Пра гэта агенцтву УНІАН паведаміў кіраўнік грамадскай арганізацыі "Правая справа" Дзмітрый Снегіроў. Паводле яго слоў, інфармацыю ён атрымаў непасрэдна ад саміх вайскоўцаў з заблакаваных часцей. Снегіроў адзначыў, што надзвычай складанай застаецца сітуацыя з 79-й брыгадай, размешчанай каля пасёлка Дзьякава: ужо амаль двое сутак з тэрыторыі Расіі іх бесперапынна абстрэльваюць з сістэм залпавага агню "Град" і цяжкай артылерыі.
Снегіроў таксама паведаміў, што 72-я брыгада спрабавала прарвацца, але беспаспяхова.
Акрамя таго, па словах Снегірова, цяпер назіраецца актывізацыя расійскай артылерыі ў раёне месца дыслакацыі 24-й брыгады са Львоўшчыны. Па яго словах, рэшту брыгады могуць змусіць адысці на расійскую тэрыторыю.
Фота — Reuters