Аланд распавёў падрабязнасці плана па ўрэгуляванні ва Украіне
Праект прадугледжвае дэмілітарызаваную зону да 70 км ад цяперашняй лініі канфлікту.
Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд распавёў падрабязнасці плана па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. Нагадаем, што перамовы па ім яшчэ працягваюцца.
Па словах французскага кіраўніка, плануецца стварыць дэмілітарызаваную зону шырынёй у 50-70 кіламетраў па абодва бакі ад цяперашняй лініі кантакту бакоў.
Аланд таксама мяркуе, што ўсходнім тэрыторыям Украіны, якія цяпер кантралююць баевікі, неабходна даць шырокую аўтаномію, перадае УНІАН. Палітык адзначыў, што людзям, якія падняліся на вайну, будзе цяжка жыць агульным жыццём з астатняй краінай.
Ён не стаў прагназаваць, ці ўдасца падпісаць новы план, з якім ён і канцлер Нямеччыны Ангела Меркель напярэдадні ездзілі да прэзідэнтаў Украіны Пятра Парашэнкі і Расіі Уладзіміра Пуціна.
Кіраўнікі Украіны, Расіі, Францыі і Нямеччыны павінны абмеркаваць праект новых дамоўленасцяў па тэлефоне ў нядзелю.
Фота — Reuters