Алесь Мухін пазнаёміўся з будучай жонкай, калі яна была ў сукенцы нявесты
А Павел Харланчук ажаніўся пасля sms-рамана ў некалькі месяцаў даўжынёй. І ніяк не атрымлівалася пры сустрэчы сказаць тое, што лёгка было напісаць па тэлефоне.
Гісторыя знаёмства знатака і тэлевядучага Алеся Мухіна з будучай жонкай Таццянай атрымалася сапраўды нетрывіяльнай:
“Я сваю жонку першы раз пабачыў, калі яна была ў сукенцы нявесты, — прыгадвае Алесь. — Гэта была студэнцкая вечарына, на якой адбываўся баль. І так атрымалася, што адзін з маіх сяброў апрануў гарнітур жаніха і запрасіў сваю аднакурсніцу ў якасці нявесты.
Так мы і пазаёміліся. Я адразу ацаніў, паглядзеў, што шлюбная сукенка ёй пасуе — значыць, можна браць. І ўсё ж не адразу мы сыйшліся. Недзе паўгода выпадкова, час ад часу сустракаліся перад тым, як ужо пачаць не час ад часу сустракацца, невыпадкова. Мы зразумелі, што блізкія адно да аднога. І яшчэ, можа, пару гадоў з паловай сустракаліся, а пасля пажаніліся”.
А вось будучая жонка акцёра Паўла Харланчука сама знайшла свайго наканаванага.
Павел Харланчук: “У нас быў sms-раман. Тады толькі з'яўляліся мабільныя тэлефоны, і я набыў сабе тэлефон. І асобы, у якіх былі тэлефоны, дасылалі адно аднаму sms "Прывітанне!". Маўляў, вітаем увогуле людзей, якія размаўляюць праз мабільны”.
Паўлу прыйшла такая sms ад яго будучай жонкі. Ён чамусці адказаў, і яны пачалі перапісвацца. “Пры тым, што пры сустрэчы сказаць тое ж самае адно аднаму не маглі, а праз sms неяк у нас завязалася размова”, — кажа Павел.
Пры гэтым Павел Харланчук з жонкай рэгулярна бачыліся, бо акцёр быў маладым выкладчыкам на яе курсе. Ён нават ставіў дыпломны спектакль з яе ўдзелам. Вяселле запомнілася ім тым, што 24 кастрычніка, неспадзявана пайшоў снег — першы і апошні раз за тую восень. Алесь Мухін жа ажаніўся ўлетку:
Алесь Мухін: “І я, і яна жылі ў цэнтры і павінныя былі ў гарадскі ЗАГС ісці на раніцу. А чэргі ж заўсёды! Таму я прыйшоў да яе дадому і кажу яе пацькам: “Я ў вас сёння пераначую, а вы мяне параней заўтра абудзіце”. Яны пацікавіліся, навошта. Ну я і адказаў, што заяву падаваць пойдзем. Тата глядзеў тэлевізар і прапусціў гэтую “заяву” міма вушэй, а дайшло да яго толькі хвілінаў праз пяць. Ну і тады ён павярнуўся і запытаўся: “Куды-куды вы пойдзеце?!” Але нічога не сказаў кепскага".
Усе да аднаго сябры знатака прыйшлі на вяселле ў кашулях для смокінга, з бабачкамі і гальштукамі. Але не забывайцеся, на двары стаяла ліпеньская спёка… Таму ўнізе госці былі апранутыя прасцей: у спартовыя шорты і сланцы.
“А ў руках яны трымалі транспаранты з надпісам “Лёд тронулся”. Бо я быў першым у нашай кампаніі, хто ажаніўся”, — прыгадвае Алесь Мухін.
Фота: kp.by, ont.by, ctv.by