Аляксандр Глеб 30 снежня раскажа, ці не збіраецца ён спыняць кар'еру
Аляксандр Глеб 30 снежня раскажа, ці не збіраецца ён спыняць кар'еру футбаліста. Інтэрв'ю з ім з'явіцца ў спецыяльным навагоднім праекце "Галоўны эфір. Кропкі адліку" на тэлеканале "Беларусь 1" (пачатак у нядзелю ў 21:00), інфармуе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.
Аляксандру Глебу 37 гадоў. Мінулы сезон ён правёў у складзе БАТЭ, дапамог камандзе прабіцца ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Там барысаўчане згуляюць з лонданскім "Арсеналам" (14 лютага на "Барысаў-Арэне", 21 лютага — у Лондане), за які ў свае зорныя часы выступаў Глеб (у 2005-2008 гадах). Зусім магчыма, што Аляксандр захоча згуляць з "Арсеналам". А ў 2020 годзе беларуская зборная мае шанец праз Лігу нацый упершыню трапіць на чэмпіянат Еўропы. Безумоўна, Глебу хочацца згуляць і там.