Андрэй Саннікаў сустрэўся з міністрам замежных справаў Чэхіі
Ён распавёў Карлу Шварцэнбергу пра ўзмацненне ціску на беларускіх палітвязняў.
Сустрэча Саннікава, былога палітвязня, памілаванага Аляксандрам Лукашэнкам год таму, з кіраўніком чэшскага МЗС адбылася ў Празе 10 траўня.
“Мне вельмі важна было сустрэцца са Шварцэнбергам, бліжэйшым сябрам і паплечнікам Вацлава Гаўла, які з усіх еўрапейскіх міністраў, мабыць, лепш за ўсіх разумее той перыяд, які сёння перажывае Беларусь”, — заявіў Саннікаў у інтэрв’ю сайту charter97.org
Па словах апазыцыйнага палітыка, падчас сустрэчы ён падкрэсліваў, што Еўропе сёння “вельмі неабходна ўспомніць пра каштоўнасьці, пра тую маральнасць і салідарнасць, якія існавалі ў 80-я гады мінулага стагоддзя і якія дазволілі вызваліць Усходнюю Еўропу ад таталітарызму”.
“Мы шмат гаварылі пра палітвязняў. Склалася абсалютна непрымальная сытуацыя, калі Еўрапейскі саюз пайшоў на наўпроставыя кантакты з прадстаўнікамі дыктатарскага рэжыму пры тым, што становішча палітвязняў пагаршаецца з кожным днём. Еўрапейскія эмісары, якія прыяжджалі ў Беларусь у апошні час, заяўлялі аб хуткім вызваленні вязняў сумлення, але да гэтага часу ніхто не вызвалены, а з турмаў і калоній працягвае паступаць трывожная інфармацыя пра ўзмацненне ціску на людзей”, — распавёў Саннікаў.
Ён таксама паінфармаваў Шварцэнберга, што ў Беларусі працягваюцца затрыманні і арышты грамадскіх актывістаў і журналістаў незалежных СМІ.
На сустрэчы абмяркоўваліся таксама магчымыя варыянты еўрапейскай палітыкі напярэдадні саміту Усходняга партнёрства.
“Міністар Шварцэнберг запэўніў мяне, што для Еўрасаюза па-ранейшаму прынцыповым застаецца пытанне аб вызваленні палітвязняў”, — сказаў Андрэй Саннікаў.