Аперацыя па зачыстцы ад радыкальна настроеных асоб — КДБ пра атаку на медыя
Акцыя журналістаў супраць затрыманняў прадстаўнікоў СМІ ў верасні 2020 года / Еўрарадыё
У КДБ пракаментавалі затрыманні журналістаў у Мінску і рэгіёнах. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у чацвер былі затрыманыя як мінімум сем чалавек, у тым ліку чатыры супрацоўнікі "Нашай Нівы".
Гэтыя затрыманні праводзіліся ў рамках шырокамаштабнай аперацыі "па зачыстцы ад радыкальна настроеных асоб", — заявіў у эфіры Беларускага тэлебачання намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.
У рамках гэтай аперацыі, па яго словах, супрацоўнікі КДБ выяўляюць і затрымліваюць людзей, "якія маюць дачыненне да дзейнасці радыкальных Telegram-каналаў і чатаў". Гаворка пра каналы і чаты, дзе ішла, са слоў Бычака, "вярбоўка і падбор патэнцыйных малойчыкаў для новых масавых беспарадкаў і нават актаў тэрарызму".
Напярэдадні ў Мінску і рэгіёнах Беларусі прайшлі ператрусы і затрыманні актывістаў і журналістаў. Так, сілавікі прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю і дадому да шэрагу супрацоўнікаў "Нашай Нівы". Былі затрыманыя галоўны рэдактар выдання Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны рэдактар часопіса "Наша гісторыя" Андрэй Дынько і бухгалтар Вольга Раковіч. Акрамя таго, у межах крымінальнай справы затрыманы журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач — яго забралі з санаторыя, дзе ён адпачываў. Затрыманы таксама віцебскі журналіст-фрылансер Віталь Скрыль і рэдактар парталу Orsha.eu Ігар Казмярчак. На дадзены момант у зняволенні знаходзяцца 32 прадстаўнікі медыя, нагадваюць у БАЖ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.