Апошнюю дзяржпрэмію архітэктарам давалі за Нацыянальную бібліятэку

“Мы ў даўгу перад таленавітымі людзьмі, я маю на ўвазе дзяржаўныя прэміі Рэспублікі Беларусь. На жаль, можа я не маю рацыі, але не было падстаў для падпісання адпаведных дакументаў. Былі прэзентаваныя слабыя матэрыялы, калі не лічыць спецыяльных работ”, — перадае "Сталічнае тэлебачанне" словы Аляксандра Лукашэнкі наконт прэмій у галіне навукі, тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Як падлічвае Еўрарадыё, прэмія не слабая — 3500 базавых велічыняў, ці амаль 40 тысяч долараў!

Такая ўзнагарода прысуджаецца раз на два гады, але за 2012 год прэмій пакуль не было. Правяраем, хто ж спрабаваў такую ўзнагароду атрымаць.

“Усе нашы папярэднія вылучэнні не вельмі добра скончыліся. Хаця бібліятэка мае прэмію. Апошні раз мы вылучалі гандлёвы цэнтр “Сталіца”, але не прайшло”, — адказваюць у Саюзе архітэктараў. І прыгадваюць апошнюю прэмію за 2008 год. Тады яе прысудзілі двум архітэктарам Нацыянальнай бібліятэкі: Віктару Крамарэнку і Міхаілу Вінаградаву.

У афіцыйным Саюзе пісьменнікаў не могуць прыгадаць, калі іх чальцам прысуджалі дзяржаўныя прэміі.

“Дзяржаўныя мы даўно не атрымоўвалі. І гэтым разам мы нікога не вылучалі на дзяржаўныя прэміі. Але высоўвалі лаўрэатаў на прэміі за “Адраджэнне”. Мы ўжо ўзважваем, калі вылучаем, каб дакладна ўсё атрымалася”, — гаворыць старшыня саюза Мікалай Чаргінец.

І прыгадвае, што сам атрымоўваў прэмію “Зоркі садружнасці СНД”.

“А колькі ў іншых саюзах прэмій?” — пытаннем на пытанне адказваюць у Саюзе кампазітараў. І прыгадваюць спектакль, які падаваўся на дзяржпрэмію.

Нікога не спрабаваў падаць на дзяржаўную прэмію 2012 года і Саюз мастакоў.

Еўрарадыё знаходзіць мастака Паўла Татарнікава, якога дзяржава ўзнагароджвала тры гады таму за серыю графічных прац “Брама мінулага”. Праўда, прэмію добра пакоцала дэвальвацыя 2011 года. Хапіла хіба на будаўнічыя матэрыялы для хутара, прызнаецца мастак.

Павел Татарнікаў: “Мяне вылучылі ў 2008 годзе. Акадэмія і Саюз мастакоў. Але я атрымаў яе пасля дэвальвацыі. Атрымалася дах перакрыць на вёсцы”.

Нагадаем, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджаецца за таленавітыя, глыбокія па змесце і адметныя па форме творы літаратуры, выяўленчага мастацтва, архітэктуры, тэатральныя пастаноўкі, кінафільмы, музычныя творы. Прысуджаецца ўзнагарода раз на два гады.

Фота: belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі