Арастовіч назваў дыверсію беларускіх партызан "сур'ёзнай перамогай"
Дыверсію здзейснілі ўдзельнікі плана "Перамога" / t.me/bypol/
Былы дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч пракаментаваў здарэнне на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам. Раніцай 26 лютага там быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50, які праводзіць радыётэхнічную разведку — адсочвае ўкраінскія радыёлакацыйныя станцыі і зенітныя ракетныя комплексы. Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў найстойвае, што атаку на аэрадром з дапамогай дронаў здзейснілі беларускія партызаны (удзельнікі плана "Перамога").
"Гэта беларускія партызаны, яны ўзялі адказнасць на сябе, трэба думаць, што гэта яны, — кажа Арастовіч на YouTube-канале "ФЕЙГИН-LIVE". — ...Ёсць беларусы, якія дапамагаюць воінам святла змагацца супраць цемры, пашкоджваючы вельмі дарагія, вельмі ключавыя і вельмі сістэмаўтваральныя элементы разведавальных комплексаў, скіраваных супраць Украіны. Гэта вельмі сур'ёзная перамога. Дзякуй беларускім партызанам".
Аляксей Арастовіч падкрэсліў, што Украіна не наносіць удары па беларускай тэрыторыі і "дзеяннямі беларускіх партызан не кіруе". Апошнія ж атакуюць не беларускія, а "акупацыйныя расійскія войскі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.