Аргкамітэт Дня Волі запланаваў на 25 сакавіка квест "Дзе мой аўтазак?"
У Беларусі створаны аргкамітэт па святкаванні Дня Волі-102. У яго склад увайшлі сацыял-дэмакраты і правацэнтрысты. Дзень Волі адзначаецца 25 сакавіка. У гэты дзень у 1918 годзе ў Мінску была абвешчаная дзяржаўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Летась шырока святкавалася БНР-100, у наступным годзе будзе Дзень Волі-102.
Аргкамітэт створаны надзіва рана — за больш чым паўгода да Дня Волі. Мікалай Казлоў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Ігар Барысаў з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Юрый Губарэвіч з руху "За Свабоду", Віталь Рымашэўскі з аргкамітэта па стварэнні партыі БХД заклікаюць да супрацоўніцтва іншыя палітычныя сілы, грамадскія арганізацыі.
Аргкамітэт збіраецца арганізаваць у Мінску канцэрт-мітынг у нядзелю, 22 сакавіка. На наступны дзень запланавана ўскладанне кветак да памятнага знаку прэм’ер-міністру БНР Антону Луцкевічу ў мінскім скверы імя Янкі Купалы. 24 сакавіка мусяць адбыцца лакальныя імпрэзы, а 25 сакавіка — квест "Дзе мой аўтазак?".
Арганізатары будуць збіраць сродкі на святкаванне Дня Волі-102.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.