Атрымаць карту паляка будзе складаней — вернуць патрабаванне "веданне мовы"

Карта паляка 

Карта паляка  / rp.pl

Новая міграцыйная стратэгія, ухваленая надоечы ўрадам Польшчы, прадугледжвае ў тым ліку ўзмацненне жорсткасці правілаў выдачы карт паляка. Пра гэта піша Rzeczpospolita. Вернецца патрабаванне "веданне польскай мовы" і могуць быць перагледжаныя льготы для актывістаў польскіх арганізацый.

З 2007 года, калі з'явілася карта паляка, гэты дакумент атрымалі больш за 206 тысяч чалавек. У асноўным гэта беларусы і ўкраінцы. Нагадаем, карта паляка дае замежніку, які змог пацвердзіць сваё польскае паходжанне, шэраг ільгот — напрыклад, магчымасць атрымаць грамадзянства ў паскораным парадку.

Аднак у Польшчы звярнулі ўвагу на злоўжыванні пры атрыманні гэтага дакумента. "Калі Польшча запусціла ў Беларусі праграму "Карта паляка", вакол яе ўзнікла цэлая індустрыя. Розныя кампаніі за шчодры ганарар знаходзілі дакументы [аб польскім паходжанні] і арганізоўвалі гутаркі ў консульстве. Колькі там было фэйкаў — ніхто не ведае", — прыводзіць выданне словы выхадца з Беларусі. Са слоў суразмоўцы газеты, у Беларусі практыкавалася выдача дакумента актывістам польскіх арганізацый без належных падстаў. Паводле звестак на чэрвень 2022 года, такі дакумент атрымалі 912 членаў Саюза палякаў Беларусі, якія не пацвердзілі сваё польскае паходжанне.

Парушэнні пры падачы дакументаў на карту паляка выяўляюць і дыпламатычныя ўстановы краіны, кажа намеснік міністра замежных спраў Польшчы Уладыслаў Тэафіл Барташэўскі. Паводле яго слоў, "вядомыя выпадкі падазрэнняў у падробцы з боку супрацоўнікаў мясцовых архіваў або судоў". Але польскія консулы не могуць расследаваць гэтыя справы, таму звестак аб маштабах такой практыкі няма. Польскія ўлады маюць намер змяніць гэтую сітуацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі