Добрая навіна ад візавага цэнтра — але толькі для тых, хто мае "карту паляка"

"Карта паляка"

"Карта паляка"

Уладальнікі "карты паляка" старэйшыя за 60 гадоў цяпер змогуць падаваць дакументы на візу без папярэдняй рэгістрацыі. Гэта значыць, ім не прыйдзецца больш "вылоўліваць" слоты для падачы дакументаў ці плаціць за гэта пасярэднікам.

Адпаведная аб'ява з'явілася на сайце VFS Global.

"З 15 ліпеня 2024 года ўладальнікі "карты паляка" ва ўзросце 60 і больш гадоў змогуць падаваць дакументы на выдачу нацыянальных віз паводле адпаведнай мэты паездкі ва ўсіх візавых цэнтрах Польшчы без папярэдняй рэгістрацыі", — гаворыцца ў паведамленні.

Там нагадваюць, што пры планаванні падачы заявы трэба ўлічваць тэрытарыяльныя юрысдыкцыі консульстваў. Напрыклад, з канца чэрвеня гэтага года візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе прымаюць дакументы толькі ў жыхароў Гродзенскай вобласці.

Гэта не першая спроба польскага візавага цэнтра палегчыць жыццё беларусам, якія спрабуюць атрымаць візу. Каб не даваць магчымасці пасярэднікам браніраваць усе слоты ў польскіх візавых цэнтрах, раней была ўведзеная абавязковая анлайн-верыфікацыя заяўнікаў у міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі