Avias рыхтуюць кантрастны альбом
Разглядзець гэтыя кантрасты гурт прапануе на прыкладзе новай песні “Маўклівы горад” (відэа).
Ідэя відэа належыць гітарысту гурта Змітру Ярмола — цёмны пакой і ёлачныя гірлянды выдатна ілюструюць акустычнае гучанне песні, лічаць музыкі.
“Па-першае, гэтая песня нас некалькі з іншага боку раскрывае, у адрозненні ад таго, чаго ад нас звычайна чакаюць, — тлумачыць фронтмэн гурта Раман Сухоцкі. — І сама песня, і тая версія, у якой мы яе выканалі, раскрывае гурт з іншага боку. І мы сапраўды хацелі паказаць, што мы можам і проста на акустычных гітарах зрабіць прыгожую песню. А не толькі спрабаваць “узяць” гледача драйвовымі рыфамі”.
На будучым альбоме гурта, хутчэй за ўсё, больш не будзе песень у такім жа настроі, кажуць музыкі. Але выказваюць спадзеў, што “будуць часцей эксперыментаваць з такімі штукамі”.
“З любымі кайфовымі штукамі трэба эксперыментаваць, — смяецца Раман Сухоцкі. — Я не маю на ўвазе гучанне, лайтовае ці больш цяжкае, ці агульны настрой песень. Галоўнае, каб было бачна, што гэта “заходзіць”! Нас гэта радуе! Зараз паглядзім, наколькі гэта будзе радаваць іншых”.
Нагадаем, што цяпер Avias працуюць над дэбютным альбомам. Плануецца, што ў пласцінку ўвойдуць 10-12 кампазіцый. Рэліз запланаваны на вясну 2014 года.
“Будзе шэраг песень падобных па гучанні і падачы. Будуць і песні, якія адрозніваюцца і па стылістыцы, і па падыходзе да іх, як, напрыклад, песня “Маўклівы горад”, — анансуе будучую пласцінку Раман. — Мне падаецца, што кантрастнасць — гэта добрая праява. Бо нейкая агульная канцэпцыя, якая б тычылася ўсяго альбома, у нас ёсць, бадай, толькі ў лірыцы”.
Паслухаць новыя песні гурта можна будзе падчас канцэрта "Моладзь супраць СНІДу", які адбудзецца 1-га снежня ў "Рэпабліку", а 6-га снежня Avias разагрэюць гурт "7 раса" у клубе "Піраты".