Авіякатастрофа ў Іране: целы загінулых украінцаў даставілі ў Кіеў
Reuters
Самалёт з целамі 11 украінцаў, якія загінулі ў выніку катастрофы самалёта МАУ ў Іране 8 студзеня, прызямліўся 19 студзеня ў кіеўскім аэрапорце "Барыспаль", паведамляе hromadske.
У аэрапорце прысутнічаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэм'ер-міністр Аляксей Ганчарук, спікер Вярхоўнай Рады Дзмітрый Разумкоў і іншыя высокапастаўленыя асобы.
Пасля гэтага праходзіць цырымонія развітання з загінулымі.
Самалёт Boeing-737 авіякампаніі "Міжнародныя авіялініі Украіны" разбіўся ноччу 8 студзеня неўзабаве пасля вылету з міжнароднага аэрапорта Імама Хамейні, што ў ваколіцах Тэгерану. На борце знаходзіліся 167 пасажыраў і 9 членаў экіпажа, усе яны загінулі.
Сярод ахвяр авіякатастрофы — 11 украінцаў. Таксама ў самалёце знаходзіліся 82 грамадзяніна Ірана, 63 — Канады, 10 — Швецыі, 4 — Афганістана, а таксама па 3 грамадзяніна Германіі і Вялікабрытаніі.
11 студзеня Іран прызнаў, што самалёт Boeing неспадзявана збіла іранская ракета, паколькі яго палічылі за варожы аб'ект. Прэзідэнт Зяленскі заявіў, што Украіна чакае ад Ірану запэўненняў у гатоўнасці да поўнага і адкрытага расследавання, прыцягнення вінаватых да адказнасці, вяртання целаў загінулых, выплаты кампенсацый, афіцыйных прабачэнняў па дыпламатычных каналах. Са свайго боку прэзідэнт Ірана запэўніў, што ўсе вінаватыя будуць пакараныя.