Банкаўскія хітрыкі: Як крэдыт пад 19,9% гадавых пераўтвараецца ў 160%!

“Выдатныя наяўныя” Дэльта банк дае ў крэдыт пад 19.9% гадавых. Спрабуем ўзяць дзесяць мільёнаў на год пад такі смачны працэнт.

“Крэдыт афармляецца з абавязковым заключэннем дамовы страхавання. Калі вы афармляеце 10 мільёнаў на год, то страхоўка будзе каштаваць 1,8 мільёна. Таксама прадугледжана падключэнне пакунка з абслугоўваннем рахунка і інтэрнэт-банкінгам”, — здзіўляюць у банку.

Ні пра страхоўку, ні пра дадатковыя ўмовы ў рэкламе крэдыта на сайце банка не паведамляецца. Кансультант праясняе: “Пераплата па крэдыце 4,6 мільёна!” А калі тэлефануем другі раз… пераплата зніжаецца да 2,7 па тым жа крэдыце на той жа тэрмін.

Гэта сума, нібыта, з усімі дадатковымі плацяжамі. Сюды ўваходзіць і “плата за карыстанне пакетам паслуг” — 119 тысяч на месяц. Вам будуць дасылаць СМС аб стане рахунка. А таксама страхоўка жыцця — у банку паслуга каштуе амаль 2 мільёны рублёў.

Цікава, што ў страхавой кампаніі “Стравіта” жыццё і здароўе пад крэдыт страхуюць танней — усяго толькі за 97 тысяч рублёў!

“Адзіначасовая аплата — 97 тысяч рублёў, пры крэдыце на 10 мільёнаў. Гэта страхоўка ад смерці і інваліднасці. У страхавым выпадку мы выплачваем рэшту крэдыту”, — тлумачаць у страхавой кампаніі.

У банку мне дазваляюць адмовіцца ад страхоўкі і СМС апавяшчэння. Дзякуй ім! Але тады стаўка па крэдыце вырастае ў 8 разоў, да… 160% гадавых! Чаму так, кансультант патлумачыць не можа. “Калі рабілі такі крэдыт, не патлумачылі”, — сумна адказвае супрацоўніца банка.

Апроч таго, на сайце банка знаходзім кошты на дадатковыя паслугі. Афармленне копіі крэдытнай дамовы каштуе 100 тысяч рублёў. Можа, залаты ксеракс… Закрыццё крэдытнай дамовы — 300 тысяч. Таксама доўгая і працаёмкая працэдура. Выдача даведкі аб крэдытнай запазычанасці — 50 тысяч.

Да прыкладу, крэдыт у Альфа-банку даюць пад 0,000001% на першыя два месяцы. Далей стаўка будзе 35%. Тут застрахаваць жыццё — 134 тысячы рублёў. Пазычаем 10 мільёнаў на 2 гады і атрымліваем…

“Пераплата за крэдыт будзе 3,6 мільёна. Камісія за пакет паслуг пры суме крэдыту ў 10 мільёнаў — 189 тысяч рублёў. Крэдыт даецца на карту”, — тлумачаць у банку. Ад страхавання дазваляюць адмовіцца, тады працэнтная стаўка вырасце да 38%.

Еўрарадыё звярнулася па тлумачэнне ў Нацбанк. І атрымала такі адказ: галоўны банк краіны ўсяго толькі не рэкамендуе банкам “навязваць” страхавыя дамовы і дадатковыя паслугі:

“Нацыянальным банкам накіраваны ліст ад 18 лютага 2014 года, у якім рэкамендавана:

Забяспечыць раскрыццё поўнай і дакладнай інфармацыі аб умовах крэдытавання, у тым ліку па дадатковых паслугах. Выключыць практыку навязвання страхавых і іншых паслуг пры заключэнні крэдытных дагавораў, падаваць фізічным асобам магчымасць выбару парадку прадастаўлення крэдытаў. Па выніках маніторынгу ўстаноўлена, што пераважная большасць банкаў прытрымліваецца дадзеных рэкамендацый”, — адказваюць Еўрарадыё ў галоўным банку краіны.

І дадаюць, што Нацбанк сам не можа пакараць прыватны банк, калі той парушае рэкамендацыі.

Фота 1: retina.news.mail.ru

Так выглядаюць умовы крждытавання на сайце.

А так кансультант адказвае на прапанову не заключаць страхавое пагадненне

Фота: retina.news.mail.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі